Мінск 11:06

Беларусы і ірландцы змогуць “аднавіць міждзяржаўную супрацу”, лічыць Лукашэнка

Дзень святога Патрыка ў Ірландыі
Ілюстрацыйнае фота: Sophie Popplewell / unsplash.com

17 сакавіка, Позірк. Беларусь і Ірландыю, нягледзячы на ​​”геаграфічную аддаленасць і палітычныя складанасці”, аб’ядноўваюць “агульныя духоўныя каштоўнасці: міралюбнасць, шанаванне традыцый, імкненне да дабрабыту і стабільнага жыцця”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 17 сакавіка ірландскі народ з нацыянальным святам — Днём святога Патрыка.

На думку віншавальніка, тэкст паслання якога апублікавала яго прэс-служба, гэты дзень з’яўляецца “ўвасабленнем багатай гісторыі Ірландыі і сімвалам яркай ірландскай культуры, што знаходзіць водгук у сэрцах мільёнаў людзей па ўсім свеце”.

“Упэўнены, што ўзаемная павага і уласцівая нашым нацыянальным характарам добразычлівасць дапамогуць нам у хуткім часе аднавіць міждзяржаўную супрацу”, — адзначыў палітык, зычыўшы народу Ірландыі “еднасці, міру і працвітання”.

Лукашэнка ў сваім віншаванні звяртаецца да ірландскага народа, радзіма якога — востраў Ірландыя, цяпер падзелены паміж Рэспублікай Ірландыяй, а таксама Злучаным Каралеўствам Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі.

Фармальна спіч адрасаваны народу, які пражывае ў Рэспубліцы Ірландыя — дзяржаве, што з’яўляецца членам Еўрапейскага саюза. На карысць гэтага кажа той факт, што Лукашэнка разлічвае на аднаўленне “міждзяржаўнай супрацы”, якую могуць аднавіць толькі суверэнныя незалежныя краіны. Акрамя таго, менавіта ў Рэспубліцы Ірландыя Дзень святога Патрыка — гэта нацыянальны дзень краіны, галоўнае грамадзянскае і культурнае свята і дзяржаўны выходны. У Паўночнай Ірландыі яго таксама шырока адзначаюць, ён з’яўляецца афіцыйным выходным днём, але не нацыянальным святам дзяржавы — Злучанага Каралеўства.

Аднак да каго б Лукашэнка ні звяртаўся, ні Рэспубліка Ірландыя як член Еўразвяза, ані Паўночная Ірландыя як частка Злучанага Каралеўства не прызнаюць вынікі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі і, адпаведна, Лукашэнку як кіраўніка беларускай дзяржавы.

І ЕС, і Вялікабрытанія ўвялі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі санкцыі, звязаныя як з фальсіфікацыяй выбараў і рэпрэсіямі, так і за дапамогу Расіі ў яе агрэсіі супраць Украіны і інш.

У сваю чаргу ўсе краіны ЕС і Вялікабрыанія фігуруюць у сфармаваным урадам Беларусі пераліку “недружалюбных краін”.

Падзяліцца: