Мінск 16:18

У 2026 годзе з вайскова-патрыятычных клубаў выпусціцца 235 дзяцей — Карпянкоў

Члены вайскова-патрыятычнага клуба "На варце", створанага на базе Дзяржынскага дзяржаўнага каледжа
Архіўнае фота: партал Дзяржынскага раёна (Мінская вобласць) dzr.by

18 сакавіка, Позірк. У 2026 годзе з вайскова-патрыятычных клубаў выпусціцца 235 дзяцей, заявіў у інтэрв’ю прэс-службе Унутраных войскаў (УВ) МУС намеснік міністра ўнутраных спраў — камандуючы УВ Мікалай Карпянкоў.

“Многія з іх ужо выказалі жаданне пайсці служыць у органы ўнутраных спраў, паступаць у акадэмію і інстытут МУС, на факультэт унутраных войскаў”, — заявіў ён.

“Выпускнікі вайскова-патрыятычных клубаў, а сёлета ў нас іх было 197, большая частка з іх пайшла паступаць і паступілі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы сілавога профілю. Тыя, хто не паступіў, пайшлі працаваць ва ўнутраныя войскі або служыць на падставе кантракту”, — дадаў спікер.

Паводле слоў Карпянкова, “дзяўчынкі-выхаванкі вайскова-патрыятычных клубаў, працуюць у падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння ў якасці выведніц, снайпераў і аператараў дронаў”.

“Колькасць разам з вайскова-патрыятычнымі клубамі ўнутраных спраў <…> атрымліваецца 206 — цэлае войска дзяцей у іх знаходзіцца, каля 7.000 чалавек”, — сказаў ён.

Намеснік міністра заявіў, што “атрады спецыяльнага прызначэння” больш за паўтара года працуюць ва ўкраінскім прыграніччы: у Добрушы, Лоеве, Брагіне, Хойніках, Ельску, Нароўля, Лельчыцах, Мазыры ды інш. За апошні час у рэгіёне былі дадаткова адкрытыя чатыры вайскова-патрыятычныя клубы, сказаў ён.

У кастрычніку 2025 года ў Варшаве быў прадстаўлены даклад “Дзеці без будучыні: мілітарызацыя дзяцінства ў Беларусі”, падрыхтаваны аб’яднаннем BelPol і Народным антыкрызісным упраўленнем. У дакуменце гаворыцца, што мілітарызацыя дзяцей “будуецца на страху Аляксандра Лукашэнкі перад новым пакаленнем, якое можа кінуць яму выклік”, і гэта не выпадковасць, а “стратэгія выжывання рэжыму”.

Каля 2 тыс. “кіраўнікоў па вайскова-патрыятычным выхаванні” задзейнічана ў сістэме сярэдняй адукацыі Беларусі, вынікала з інфармацыі ў метадычках для членаў інфармацыйна-прапагандысцкіх груп да чарговага “адзінага дня інфармавання”, якую летась у жніўні аналізаваў “Позірк”.

Беларускі расследавальніцкі цэнтр (БРЦ) паведамляў у кастрычніку 2025 года, што больш за 2.500 дзяцей наведваюць вайскова-патрыятычныя клубы, што базуюцца ў вайсковых часцях і ўваходзяць у склад фонду “Маладая гвардыя”. Ключавой фігурай фонду называўся Карпянкоў.

Падзяліцца: