Мінск 04:06

Беларусь будзе вольнай, беларусы будуць святкаваць 25 сакавіка дома — Ціханоўская

25 сакавіка, Позірк. Беларусь будзе вольнай, беларускі народ не адмовіўся ад гэтай мэты: ні ў 1918-м, ні ў 2020-м, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская ў віншаванні з нагоды Дня Волі 25 сакавіка.

“Свята <…> яднае кожнага з нас, каму дарагая Беларусь, незалежна ад таго, дзе мы цяпер: у Мінску ці Горадні, у Варшаве ці Вільнюсе, у Кіеве, Тбілісі, Берліне, Нью-Ёрку. Мы раскіданыя па свеце, але ў нас ёсць вельмі важная рэч, якая заўсёды нас яднала: жаданне бачыць нашую краіну вольнай”, — падкрэсліла Ціханоўская.

“25 сакавіка 1918 года была абвешчаная Беларуская Народная Рэспубліка. У той момант народ цвёрда сказаў усяму свету: Беларусь мае права на сваю дзяржаву, — адзначыла палітык. — Гэта быў смелы крок, і ён стаў часткай нашай гістарычнай памяці і нашай сучаснай унутранай апоры. З таго дня і да сёння мы працягваем шлях змагання і адказнасці за сваю краіну. <…> Мы не адмовіліся ў самыя цяжкія гады нашай гісторыі і не адмовімся цяпер. Шлях да волі патрабуе цярплівасці, штодзённай працы і мужнасці. І, на жаль, вельмі часта гэта боль, страты і шматлікія ахвяры”.

Ціханоўская падкрэсліла, што беларусы аддвалі жыццё за свабоду ў розныя часы і працягваюць змагацца: хтосьці — у Беларусі, хтосьці — у выгнанні. Яна згадала працу беларускіх грамадзянскіх ініцыятыў і валанцёрскіх супольнасцяў, СМІ, падтрымку палітвязняў і службу добраахвотнікаў у шэрагах Узброеных сіл Украіны.

“Я ведаю, як стамляе доўгая дарога. Як хочацца, каб нарэшце стала спакойна. Каб можна было працаваць, планаваць жыццё, кахаць, расціць дзяцей без страху ў сваёй краіне. Каб не трэба было азірацца на вуліцы, баяцца груку ў дзверы, баяцца за блізкіх. Каб дом зноў быў месцам бяспекі. Але нават калі бывае цяжка, у нас ёсць тое, што не забраць ніколі і нікому: нашая гісторыя, нашая памяць, нашая такая моцная беларуская годнасць. І ёсць мы адно ў аднаго”, — падкрэсліла палітык.

Яна выказала ўпэўненасць, што Беларусь будзе вольнай і беларусы будуць святкаваць 25 сакавіка дома.

Намеснік Ціханоўскай у Аб’яднаным пераходным кабінеце, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка падкрэсліў, што продкі беларусаў “паднялі над Беларуссю бел-чырвона-белы сцяг незалежнай дзяржавы ў часы вялікіх узрушэнняў”. Перад сучасным пакаленнем стаіць не менш маштабная і адказная задача — “давесці гэтую справу да канца”, цяпер час вырашаць, якой будзе будучыня нашай краіны, заявіў палітык.

“Мы жывем у эпоху вялікага гістарычнага іспыту. І калі гісторыя ставіць нас перад выбарам паміж тым, што лёгка, і тым, што правільна — мы абіраем другое. Мы абіраем гонар замест пакорлівасці. Мы абіраем праўду замест прапаганды. Мы абіраем Беларусь. Вольную. Дэмакратычную. Незалежную”, — адзначыў Латушка.

Ён падкрэсліў, што справа БНР жыве тут і цяпер: у мужнасці дабраахвотнікаў на фронце ва Украіне, у непахіснасці палітвязняў, “якія ў цёмных камерах застаюцца больш вольнымі, чым іх каты”, у штодзённай працы мільёнаў беларусаў па ўсім свеце, якія захоўваюць мову, культуру і веру ў перамогу.

25 сакавіка дэмакратычна настроеная частка насельніцтва Беларусі святкуе Дзень Волі — гадавіну абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) у 1918 годзе.

У Беларусі гэтая дата афіцыйна не адзначаецца. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года любыя спробы публічна адзначыць Дзень Волі пагражаюць затрыманнямі і судамі, як мінімум паводле адміністрацыйных абвінавачанняў. Гістарычныя падзеі, звязаныя з БНР, паслядоўна дэманізуюцца дзяржпрапагандай. Нацыянальныя сімвалы названыя “калабарацыянісцкімі“, “нацысцкімі” і фактычна абвешчаныя па-за законам. Значэнне БНР для беларускай дзяржаўнасці лічыцца перабольшаным, а сама рэспубліка пазіцыянуецца як марыянеткавае стварэнне пад германскім пратэктаратам у завяршальнай фазе Першай сусветнай вайны.

Святкаванне з 21 сакавіка праходзіць у Польшчы, Літве, ЗША і іншых краінах.

Следчы камітэт, як і ў мінулыя гады, пагражае ўдзельнікам святкавання Дня Волі за мяжой крымінальным пераследам і канфіскацыяй маёмасці на радзіме.

Падзяліцца: