Мінск 18:38

Распачата крымінальная справа за крадзеж прадуктаў са школьных сталовых Брэста

Ілюстрацыйнае фота: vgr.by

31 сакавіка, Позірк. У Брэсце распачата крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) за крадзеж прадуктаў са школьных сталовых, паведамляе Генеральная пракуратура.

Паводле даных нагляднага ведамства, дзве службовыя асобы — загадчыкі вытворчасці ў дзвюх школах — “уступілі ў змову” з кухоннымі работнікамі і поварамі, а таксама кіроўцамі, якія займаліся перавозкай прадуктаў.

Ад студзеня да 24 сакавіка 2026 года загадчыкі вытворчасці, “злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, давалі незаконныя ўказанні падначаленым работнікам аб парушэнні тэхналогіі прыгатавання ежы, змяншэнні норм гатовай прадукцыі, што прызначалася для харчавання школьнікаў у пяці ўстановах адукацыі”.

У выніку гэтага ўтвараліся “няўлічаныя лішкі”, якія “не адлюстроўваліся ў таварных справаздачах і выкрадаліся”.

Крадзеж быў здзейснены на суму не менш за 4,9 тыс. рублёў, гаворыцца ў паведамленні. Падазраваныя выкрадалі мяса, сыр, масла, цукар, яйкі, бульбу, філе птушкі, тварог і каўбасныя вырабы.

Акрамя таго, як паведамляецца, падчас праверак пракуратурай Брэста сумесна з Брэсцкім занальным цэнтрам гігіены і эпідэміялогіі выяўлены шматлікія парушэнні санітарна-эпідэміялагічнага заканадаўства.

Паводле вынікаў праверкі для ліквідацыі прычын і ўмоў, што спрыялі таму, што адбылося, пракурор унёс прадстаўленне ў Брэсцкі гарадскі выканаўчы камітэт, у якім запатрабаваў ліквідаваць выяўленыя парушэнні і прыцягнуць вінаватых асоб да адказнасці.

Ад 1 кастрычніка 2025 года на 5% павялічыўся кошт школьнага харчавання, паведамляла прэс-служба Міністэрства адукацыі.

Адзначалася, што грашовыя нормы на харчаванне навучэнцаў павялічацца ў адукацыйных і аздараўленчых установах, што “дазволіць выкарыстоўваць больш разнастайныя, натуральныя і якасныя прадукты, якія адпавядаюць сучасным патрабаванням да дзіцячага рацыёну”.

У адпаведнасці з артыкулам 40 Кодэкса аб адукацыі, харчаванне прапануецца ўсім навучэнцам ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Пры гэтым аплата ажыццяўляецца толькі за прадукты, якія выкарыстоўваліся для прыгатавання страў, паслугі па прыгатаванні ўключаны ў дзяржаўную падтрымку.

У 2024–2025 годзе кошт харчавання склаў: аднаразовае харчаванне дзяцей 6–10 гадоў — 2,29 рубля ў выпадку, калі ежа прыгатавана ў школе, і 2,98 рубля — калі пабочнай арганізацыяй; для навучэнцаў 11–18 гадоў — 2,70 і 3,51 рубля адпаведна.

Падзяліцца: