КДБ дадаў у спіс “тэрарыстаў” 11 чалавек, уключаючы пецярых байцоў палка Каліноўскага

3 красавіка, Позірк. 11 чалавек дададзена Камітэтам дзяржбяспекі ў спіс асоб, якія маюць дачыненне да “тэрарыстычнай дзейнасці”, вынікае з абноўленай інфармацыі ў тэлеграм-канале спецслужбы.
У пералік уключаныя пяцёра байцоў палка Каліноўскага (ПКК): былы камандзір Дзяніс Прохараў, былы намеснік камандзіра, а цяпер прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па абароне і нацбяспецы Вадзім Кабанчук, член савета камандзіраў палка Павел Шурмей, інструктар Аляксей Назараў і штурмавік атрада “Волат” Аляксей Кавальчук.
Раней стала вядома, што яны былі завочна прыгавораныя да доўгіх тэрмінаў зняволення (Прохараў, Кабанчук і Шурмей — да 25, Назараў і Кавальчук — да 12 гадоў пазбаўлення волі).
У спісе КДБ адзначаецца, што Прохараў і Кабанчук асуджаныя паводле арт. 2904, 2902, 289, ч. 4 арт. 309, 2905 і 361 Крымінальнага кодэкса, Шурмей — паводле арт. 2905 і 361, Назараў і Кавальчук — паводле арт. 2905.
Спіс таксама папоўнілі асуджаная 6 сакавіка паўторна паводле арт. 361, але вызваленая па заканчэнні тэрміну пакарання былая палітзняволеная Алена Маліноўская, а таксама асуджаныя паводле таго ж артыкула Дзмітрый Дробыш, Вячаслаў Ванславовіч і Святлана Ангелейка (вядомая таксама як Хлышчанкова) і асуджаны паводле арт. 293 Сяргей Палхоўскі.
Адзінаццатай стала грамадзянка Уганды Хаміда Набагала, унесеная ў пералік на падставе адпаведных рэзалюцый Савета бяспекі ААН.
Батальён імя Кастуся Каліноўскага быў створаны 9 сакавіка 2022 года, неўзабаве пасля пачатку поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны. 26 сакавіка таго ж года ён увайшоў у склад Узброеных сіл Украіны, а 21 траўня было абвешчана аб яго трансфармацыі ў полк.
Рэжым Аляксандра Лукашэнкі прызнаў ПКК спачатку “экстрэмісцкім фарміраваннем”, а затым — у верасні 2024 года — “тэрарыстычнай арганізацыяй”.
У спісе “тэрарыстаў” цяпер знаходзіцца 1.436 чалавек, уключаючы 689 грамадзян Беларусі.
Даведка “Позірку”:
арт. 289 Крымінальнага кодэкса — акт тэрарызму;
арт. 2902 — садзейнічанне тэрарыстычнай дзейнасці;
арт. 2904 — стварэнне арганізацыі для ажыццяўлення тэрарыстычнай дзейнасці альбо ўдзел у ёй;
арт. 2905 — арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі і ўдзел у дзейнасці такой арганізацыі;
арт. 293 — масавыя беспарадкі;
арт. 309 — наўмыснае прывядзенне ў непрыдатнасць транспартнага сродку або шляхоў зносін;
арт. 361 — заклікі да мер абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі.
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваУ сакавіку 2024–2026 гадоў на метэастанцыях Беларусі зафіксавана амаль 700 тэмпературных рэкордаў (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаУ Літве красавік пачаўся з абнаўлення сутачнага рэкорду спыненых спробаў парушэння мяжы з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Эканоміка



