Мінск 17:33

“Экстрэмісцкімі фарміраваннямі” на падставе рашэння КДБ прызнаныя “Беларуская нацыянальная кааліцыя” і “Прэмія Дайвера”

Архіўнае фота: tut.by

7 красавіка, Позірк. Камітэт дзяржаўнай бяспекі 31 сакавіка прызнаў “экстрэмісцкім фарміраваннем” ініцыятыву “Беларуская нацыянальная кааліцыя” (БНК), а 2 красавіка — супольнасць тэлеграм-канала “Прэмія Дайвера”, вынікае з абноўленага 7 красавіка спісу на сайце Міністэрства ўнутраных спраў. Цяпер у пераліку 386 пазіцыі, 348 арганізацый.

Датычнымі да БНК спецслужба лічыць Мікалая Бандарэнку, Максіма Бародзіча, Сяргея Другакова, Кіру Баярэнка, Аляксандра Ергулевіча, Вольгу Карпушонак, Міхаіла Кучарава, Кацярыну Кучук, Іллю Міронава, Алу Марціновіч, Сяргея Пушнова, Таццяну Радзевіч, Юрыя Рудзя, Наталлю Фідлер і Мікіту Крыўцова.

Адметна, што імя і дата нараджэння апошняга супадаюць з пашпартнымі звесткамі ўдзельніка пратэстаў Мікіты Крыўцова, які знік 12 жніўня 2020 года і быў знойдзены павешаным праз 10 дзён (родныя ўпэўненыя, што яго забілі). У чэрвені 2023 года ён быў пасмяротна ўзнагароджаны медалём “Гонар і годнасць” Аб’яднанага пераходнага кабінета.

БНК — праект “пераходнага органа стратэгічнага кіравання і прадстаўніцтва беларускага народа”, стварыць які мела намер група апанентаў Святланы Ціханоўскай.

Датычным да “экстрэмісцкага фарміравання” “Прэмія Дайвера” КДБ лічыць Андрэя Лапіцкага. Тэлеграм-канал, пазначаны ў апісанні гэтага “фарміравання”, пазіцыянуе сябе як “аўтарскі канал Diver D і неабыякавых паэтаў”, створаны “для падтрымкі Украіны”. На яго падпісана 326 карыстальнікаў.

Падзяліцца: