Мінск 15:27

У чацвёртай за месяц тэлефоннай размове з Пуціным Лукашэнка заявіў пра намер наведаць Маскву 9 траўня

Архіўныя фота: kremlin.ru, president.gov.by Калаж: “Позірк”

12 красавіка, Позірк. Пра чарговую тэлефонную размову прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі паведаміла 12 красавіка прэс-служба Крамля.

Адзначаецца, што палітыкі “абмеркавалі актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва”, у тым ліку “ў гандлёва-эканамічнай сферы”.

“Пацверджаны ўзаемны настрой на далейшае ўмацаванне расійска-беларускіх саюзніцкіх адносін і цеснае ўзаемадзеянне на розных узроўнях”, — гаворыцца ў паведамленні.

Таксама Пуцін і Лукашэнка “абмяняліся цёплымі велікоднымі віншаваннямі”, выказаўшы “добрыя пажаданні брацкім народам дзвюх краін”.

“Праведзены таксама абмен думкамі па шэрагу тэм міжнароднага парадку дня”, — заявілі ў Крамлі.

Неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі паведаміў, што ў размове з расійскім прэзідэнтам ён “пацвердзіў свой удзел у маючым адбыцца парадзе ў Маскве з нагоды Дня Перамогі”.

Папярэдні раз Лукашэнка і Пуцін размаўлялі па тэлефоне 21 сакавіка. Раней — 8 і 19 лютага.

Такім чынам, крыху больш чым за месяц палітыкі размаўлялі па тэлефоне чатыры разы.

Падзяліцца: