Мінск 18:24

Беларускім плыўцам дазволілі ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах з дзяржсімволікай

Фота: worldaquatics.com

13 красавіка, Позірк. Міжнародная федэрацыя водных відаў спорту (World Aquatics) дазволіла беларускім і расійскім спартсменам удзельнічаць у спаборніцтвах “з выкарыстаннем сваёй формы, сцягоў і гімнаў”. Пра гэта арганізацыя паведаміла 13 красавіка.

Падкрэсліваецца, што рашэнне прынятае “па ўзгадненні з падраздзяленнем па забеспячэнні добрасумленнасці ў водных відах спорту“ (Aquatics Integrity, AQIU) і Камітэтам спартсменаў федэрацыі.

Паведамляецца, што раней такое права атрымалі юніёры з Беларусі і РФ.

“За апошнія тры гады World Aquatics і AQIU паспяхова спрыялі таму, каб палітычны канфлікт заставаўся за межамі спартыўных арэн. Мы маем намер забяспечыць, каб басейны і акваторыі адкрытай вады заставаліся месцамі, дзе спартсмены ўсіх краін могуць сустракацца ва ўмовах мірнага суперніцтва“, — заявіў у сувязі з прынятым рашэннем прэзідэнт World Aquatics Хусейн Аль-Мусалам (Кувейт).

Пры гэтым, як заяўлена, спартсменам дзвюх краін дазволяць спаборнічаць з дзяржсімволікай “толькі пасля паспяховага праходжання як мінімум чатырох паслядоўных допінг-кантроляў, якія праводзяцца ў супрацоўніцтве з Міжнародным агенцтвам па тэсціраванні (International Testing Agency), а таксама пасля праходжання праверак добранадзейнасці, якія праводзяцца AQIU“.

У чым менавіта будуць складацца згаданыя праверкі, не ўдакладняецца.

Беларусь і Расія таксама “аднаўляюць поўны аб’ём правоў членства ў адпаведнасці з артыкулам 6 Канстытуцыі Міжнароднай федэрацыі водных відаў спорту“, гаворыцца ў паведамленні.

У лістападзе мінулага года стала вядома, што насуперак рэкамендацыям Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) беларускія і расійскія спартсмены з 1 студзеня 2026 года атрымалі права ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах па водным пола, аднак пры захаванні нейтральнага статусу.

Падзяліцца: