Мінск 20:11

“Вясна”: Заснавальнік Symbal.bу Павел Белавус пераведзены ў магілёўскую турму — магчыма, распачатая новая крымінальная справа

Фота: "Белсат"

13 красавіка, Позірк. У магілёўскую турму № 4 пераведзены палітвязень, заснавальнік крамы нацыянальнай сімволікі Symbal.bу і кампаніі “Годна” Павел Белавус, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Паводле звестак праваабаронцаў, яго перавялі турму ў лютым гэтага года “без рэчаў”.

Ёсць імавернасць, што ў дачыненні да Белавуса распачатая новая крымінальная справа, гаворыцца ў паведамленні.

11 траўня 2023 года суддзя Жанна Брысіна з Мінскага гарадскога суда прызнала Белавуса, затрыманага ў лістападзе 2021 года, вінаватым паводле ч. 1 арт. 356 (здрада дзяржаве), ч. 1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак), ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы) і ч. 1 арт. 3611 (кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем) і прыгаварыла да 13 гадоў пазбаўлення волі. Таксама яна аштрафавала актывіста на 500 базавых велічынь (на той момант 18,5 тыс.рублёў).

14 чэрвеня 2023 года Камітэт дзяржаўнай бяспекі ўключыў Белавуса ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці”, 23 чэрвеня таго ж года ён быў уключаны ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”.

Падзяліцца: