Мінск 22:29

У Стаўбцоўскім раёне дырэктар школы абвінавачваецца ў крадзяжы

Фота: Генпракуратура

13 красавіка, Позірк. У Стаўбцоўскім раёне (Мінская вобласць) у дачыненні да 49-гадовай дырэктара школы распачатая крымінальная справа за “крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі ў буйным памеры”, паведамляе Генеральная пракуратура.

Згодна з матэрыяламі справы, з 24 жніўня 2022 года па 23 сакавіка 2025-га падазраваная “давала незаконныя ўказанні падначаленым супрацоўнікам аб унясенні ў табелі ўліку працоўнага часу загадзя ілжывых звестак аб выкананні работ па сумяшчальніцтве тэхнічным работнікам, сакратаром і сацыяльным педагогам”.

У рэчаіснасці, як адзначаецца, названыя асобы свае працоўныя абавязкі не выконвалі, а налічаную ім заработную плату перадавалі дырэктару школы, якая распараджалася грашыма “па сваім меркаванні”.

У выніку быў нанесены ўрон у суме звыш 16,4 тыс. рублёў.

31 сакавіка паведамлялася, што ў Брэсце распачатая крымінальная справа паводле ч. 2 арт. 210 Крымінальнага кодэкса (крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі) за крадзеж прадуктаў са школьных сталовых.

Паводле даных Генпракуратуры, дзве службовыя асобы — загадчыкі вытворчасцяў у дзвюх школах — “ўступілі ў змову” з кухоннымі работнікамі і кухарамі, а таксама кіроўцамі, якія займаліся перавозкай прадуктаў.

З студзеня па 24 сакавіка 2026 года загадчыкі вытворчасцяў, “злоўжываючы службовымі паўнамоцтвамі, давалі незаконныя ўказанні падначаленым работнікам аб парушэнні тэхналогіі прыгатавання ежы, памяншэнні нормаў гатовай прадукцыі, што прызначаліся для харчавання школьнікаў у пяці ўстановах адукацыі”.

З прычыны гэтага ўтвараліся “няўлічаныя лішкі”, якія “не адбіваліся ў таварных справаздачах і выкрадаліся”.

Крадзяжы былі здзейсненыя на суму не менш за 4,9 тыс. рублёў. Падазраваныя выкрадалі мяса, сыр, масла, цукар, яйкі, бульбу, філе птушкі, тварог і каўбасныя вырабы.

Падзяліцца: