Мінск 19:23

Ціханоўская падзякавала Нарвегіі за падтрымку беларускага народа

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

17 траўня, Позірк. Віншаванне з нагоды Дня Канстытуцыі Нарвегіі апублікавала на сваёй старонцы ў сацсетцы Х 17 траўня дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Нарвегія, паводле яе слоў, “цвёрда адстойвае свабоду і чалавечую годнасць — каштоўнасці, якія аб’ядноўваюць нарвежцаў і беларусаў”.

“Дзякуй вам за тое, што вы падтрымліваеце народ Беларусі ў нашай барацьбе за вольную і дэмакратычную будучыню”, — адзначыла палітык.

Раней 17 траўня нарвежскі народ з Днём Канстытуцыі павіншаваў Аляксандр Лукашэнка, заявіўшы сярод іншага пра гатоўнасць да “адкрытага дыялогу” з Осла.

“Непахісная прыхільнасць” Нарвегіі “дэмакратыі, правам чалавека і свабодзе” натхняе беларусаў і ўсіх, хто “змагаецца за гэтыя каштоўнасці па ўсім свеце”, заявіла Ціханоўская год таму, віншуючы “дарагіх нарвежскіх сяброў” з Днём Канстытуцыі.

Ціханоўская неаднаразова наведвала Нарвегію, апошні раз гэта было ў снежні 2025 года.

У сакавіку 2025 года Кансерватыўная партыя Нарвегіі (Høyre) узнагародзіла Ціханоўскую прэміяй імя Сьюра Ліндэбрэке ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека.

Улады Нарвегіі паслядоўна не прызнаюць Лукашэнку легітымным прэзідэнтам Беларусі і падтрымліваюць беларускі дэмакратычны рух. Гэтая скандынаўская дзяржава не ўваходзіць у Еўрапейскі саюз, але з’яўляецца членам Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю і шчыльна звязаная з ЕС у палітычным і эканамічным плане. Осла неаднаразова далучаўся да санкцый, уведзеных ЕС у дачыненні да рэжыму ў Мінску.

Нарвегія стала першай дзяржавай, якая зрабіла ўнёсак — 10 млн нарвежскіх крон (850 тыс. еўра) — у заснаваны дэмакратычнымі сіламі Беларусі Міжнародны гуманітарны фонд дапамогі беларускім палітвязням.

Раней урад Беларусі ўнёс Нарвегію ў спіс “недружалюбных дзяржаў”, у дачыненні да якіх час ад часу ўводзяцца абмежавальныя меры — як правіла, у адказ на ўвядзенне новых санкцый. У той жа час гэтая скандынаўская дзяржава ўключаная ў “пашыраны пералік” краін Еўропы, грамадзянам якіх да канца 2025 года дазволена наведваць Беларусь без візы.

Падзяліцца: