Мінск 20:37

З пачатку года ў Расіі спынена каля 50 спроб незаконнага ўвозу беларускай мясамалочнай прадукцыі — Рассельгаснагляд

29 траўня, Позірк. З пачатку 2026 года на расійска-беларускай мяжы ў Пскоўскай вобласці зафіксавана 18 выпадкаў незаконнага перамяшчэння партый гатовай малочнай і мясной прадукцыі (сыру, малака, масла і каўбасы) агульнай вагой 18 тон, якая перавозілася з тэрыторыі Беларусі з парушэннем ветэрынарна-санітарных патрабаванняў. Такую інфармацыю распаўсюдзіла 28 траўня Паўночна-Заходняе ўпраўленне Федэральнай службы Расіі па ветэрынарным і фітасанітарным наглядзе (Рассельгаснагляд).

Паведамляецца, што асноўным відам парушэнняў была адсутнасць ветэрынарных суправаджальных дакументаў на тавар, якія пацвярджаюць бяспеку і паходжанне прадукцыі, а таксама невыкананне ветэрынарна-санітарных патрабаванняў, якое выявіласяя ў незахаванні тэмпературнага рэжыму пры транспарціроўцы і захоўванні дадзенай катэгорыі тавараў (машыны не былі абсталяваныя халадзільным абсталяваннем).

Упраўленне адзначыла, што перамяшчэнне ўсіх партый падкантрольных тавараў па мытнай тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза забаронена, аформленыя акты аб вяртанні грузаў. У дачыненні да асоб, якія перамяшчалі тавар, ужытыя меры адміністрацыйнага ўздзеяння. Тавары вернутыя на тэрыторыю Беларусі.

Днём раней, 27 траўня, упраўленне Рассельгаснагляду па Бранскай, Смаленскай і Калужскай абласцях паведаміла, што “ўсяго з пачатку гэтага года ў 30 выпадках не дапушчана да ўвозу з тэрыторыі Беларусі больш за 20 тон прадукцыі, якая мае маркіроўку беларускіх вытворцаў, што перамяшчалася без ветэрынарных суправаджальных дакументаў, абыходзячы афіцыйныя пункты ветэрынарнага кантролю“.

Такім чынам, за няпоўныя пяць месяцаў 2026 года Рассельгаснагляд папярэдзіў не менш за 48 спробаў нелегальнага ўвозу мясамалочнай прадукцыі з Беларусі, якая мяжуе з Бранскай, Пскоўскай і Смаленскай абласцямі Расіі. Агульная вага такой прадукцыі перавысіла 38 тон.

Падзяліцца: