Меркаванні жыхароў Літвы пра санкцыі супраць Беларусі падзяліліся прыкладна пароўну — апытанне Baltijos tyrimai для LRT

1 чэрвеня, Позірк. Больш за траціну літоўцаў — 35% — падтрымлівае змякчэнне некаторых санкцый супраць беларускіх уладаў; доля тых, хто лічыць, што цяперашнюю палітыку варта захаваць, крыху меншая — 30%. Такія вынікі рэпрэзентатыўнага апытання насельніцтва, праведзенага кампаніяй Baltijos tyrimai на замову тэлерадыёвяшчальніка LRT.
Даследаванне, якое праводзілася з 23 красавіка па 7 траўня 2026 года, ахапіла 1.000 жыхароў Літвы ва ўзросце 18 гадоў і больш. Заяўлена, што хібнасць вынікаў не перавышае 3,1 працэнтнага пункта.
Варта адзначыць, што 17% рэспандэнтаў лічыць мэтазгодным пастрожыць дзейныя санкцыі і ўзмацніць ціск. Пры гэтым 11% апытаных заклікала адмовіцца ад усіх санкцый, уведзеных у дачыненні да Беларусі.
З улікам гэтага за паслабленне або зняцце санкцый выступіла 46% рэспандэнтаў, а за іх захаванне або ўзмацненне — 47%, то бок, умоўна, 460 супраць 470 апытаных. Гэта значыць, што меркаванні падзяліліся прыкладна пароўну.
Яшчэ 7% рэспандэнтаў не змагло адназначна выказаць сваю пазіцыю.
LRT адзначыў, што стаўленне да Беларусі ў літоўцаў звязанае з палітычнымі перавагамі і ўзростам: людзі левых поглядаў і больш старэйшага ўзросту часцей падтрымліваюць змякчэнне санкцый.
Пры гэтым тэлерадыёвяшчальнік спасылаецца на меркаванне экспертаў, якія “лічаць, што падстаў для паслаблення санкцый няма, паколькі беларускі рэжым не змяніўся, а заклікі да змякчэння санкцый могуць быць звязаныя са стомленасцю ад вайны [Расіі супраць Украіны, у якой Мінск падтрымлівае Маскву] ці “мэтанакіраванымі намаганнямі” ў інтарэсах пэўных палітычных груп”.
Дацэнт-партнёр Інстытута міжнародных стасункаў і палітычных навук Вільнюскага ўніверсітэта Віціс Юрконіс у каментарыі LRT адзначыў, што меркаванне жыхароў Літвы пра Беларусь фармуецца пад уплывам публічнай прасторы, а таксама заяў палітыкаў і службовых асоб.
Эксперт мяркуе, што “пазіцыя ЕС па санкцыях з’яўляецца больш цвёрдай, чым унутры Літвы, і таму будзе выконваць ролю засцерагальніка”.
“Агрэсіўнай рыторыкі Лукашэнкі, беспілотнікаў, узброення, што размяшчаюцца на тэрыторыі Беларусі, вайсковых вучэнняў, выкраданняў грамадзян Літвы, якіх пасля абвінавачваюць у шпіянажы, а таксама іншых правакацый і гібрыдных пагроз — не кажучы ўжо пра планы па будаўніцтве трэцяга рэактара БелАЭС у Астраўцы ды магільніка радыеактыўных адкідаў ля самай літоўскай мяжы — мае быць дастаткова, каб зразумела канстатаваць адсутнасць якіх-небудзь перадумоў для змянення санкцыйнай палітыкі”, — дадаў Юрконіс.
На яго думку, кажучы пра стасункі з беларускім рэжымам, варта абапірацца не на такія аргументы, як “сварка з суседзямі” ці “мірнае суседства”, а на ўсебаковы падлік выдаткаў, якія нясе Літва, уключаючы наступствы гібрыдных атак.
“Неабходна ўлічваць наступствы інструменталізаванай міграцыі, перашкодаў працы аэрапортаў, вайны ва Украіне, дзе беларускі рэжым з’яўляецца саўдзельнікам Крамля, а таксама прымусовых дэпартацый. Гэты спіс надзвычай доўгі, а кошт вялікі. Калі дадаць сюды рэпутацыйныя страты, палітычныя рызыкі і пытанні ўстойлівага развіцця — празрыстасць, подкуп палітыкаў і чыноўнікаў, кантрабанду, адмыванне грошай, пагрозы фінансавання вайны і выдаткі на супрацьдзеянне ім, — выніковыя выдаткі апынуцца яшчэ больш высокімі”, — лічыць ён.
Варта адзначыць, што цяпер у Літве дзейнічаюць два ўзроўні санкцый у дачыненні да Беларусі: абмежавальныя меры Еўрасаюза, членам якога з’яўляецца краіна, і нацыянальныя санкцыі ў дачыненні да беларускіх грамадзян, падоўжаныя ў красавіку 2026 года да канца 2027-га.
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- ЭканомікаБеларусь заняла другое месца на тэрыторыі былога СССР па патанненні долара ў траўні і з пачатку 2026 года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Бяспека, Палітыка, Эканоміка
- Бяспека, Палітыка



