Мінск 18:51

28-гадовы жыхар Пінскага раёна загінуў у выніку выбуху боепрыпасу часоў ВАВ

Фота: СК

28 ліпеня, Позірк. Аб трагічнай гібелі 28-гадовага жыхара Пінскага раёна (Брэсцкая вобласць) паведамляе Следчы камітэт.

Цела мужчыны, які пражываў у аграгарадку Парахонск, знойдзена “з цялеснымі пашкоджаннямі, характэрнымі для мінна-выбухной траўмы”, зазначае ведамства.

Паводле даных СК, загінулы “займаўся пошукам артэфактаў часоў Вялікай Айчыннай вайны, выяўляючы асобую цікавасць да выбуханебяспечных прадметаў”.

“Знойдзеныя боепрыпасы мужчына незаконна пераносіў да сябе ў двор”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што ўвечары 26 ліпеня ягоныя суседзі “пачулі гук удараў па метале, пасля чаго адбыўся выбух”.

“Ад атрыманых траўм мужчына памёр, медыкі, што прыехалі, канстатавалі яго смерць. На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Падчас агляду тэрыторыі, акрамя аскепкаў боепрыпасу, які спрацаваў, следчыя выявілі гільзы і кампаненты мін”, — паведаміў СК.

Для ўстанаўлення тыпу выбуховага прыстасавання і механізма спрацоўвання прызначаны экспертныя даследаванні.

Падзяліцца: