Мінск 20:19

У другім квартале 2026 года грузінскія ўлады выслалі 16 беларускіх грамадзян — новы рэкорд

Сталіца Грузіі Тбілісі
Фота: "Позірк"

1 жніўня, Позірк. Рэкордную колькасць беларускіх грамадзян — 16 — выслалі ў другім квартале 2026 года ўлады Грузіі, сведчыць праведзены Позіркам аналіз звестак мясцовай паліцыі.

Гэта роўна ўдвая больш, чым у першым квартале, што на той момант таксама было рэкордам.

За красавік — чэрвень выслана 15 мужчын і адна жанчына.

Такім чынам, за паўгоддзе Грузія, якой з 2012 года кіруе партыя прарасійскага алігарха Бідзіны (Барыса) Іванішвілі, выслала 24 грамадзяніны Беларусі. Гэта 1,18% усіх замежнікаў, высланых з краіны за названы перыяд (2.036).

12 беларусаў (усе — мужчыны) у другім квартале 2026 года было змешчана ў цэнтр часовага ўтрымання, сведчаць звесткі паліцыі. Гэта ў 2,4 раза больш, чым у першым квартале (5; 4 мужчыны, 1 жанчына).

У 2025 годзе Грузія выслала 6 беларускіх грамадзян (усе — мужчыны), што стала гадавым рекодом.

За папярэднія шэсць гадоў (2019-24) з гэтай краіны было выслана тры грамадзяніны Беларусі (па адным у 2020-м, 2021-м і 2023-м).

Агульная статыстыка сведчыць аб актывізацыі грузінскіх сілавікоў: у 2021 годзе было выслана 77 замежнікаў, у 2022-м — 165, у 2023-м — 190, у 2024-м — 363, у 2025-м — 1.311.

У лютым грузінскія ўлады заявілі, што ў 2026 годзе збіраюцца выправадзіць 4 тыс. замежнікаў-нелегалаў, каб у тым ліку палегчыць мясцовым жыхарам выхад на рынак працы.

16 ліпеня супрацоўнікі Памежнай паліцыі МУС Грузіі прыйшлі дадому да беларускага праваабаронцы Рамана Кісляка, які пражывае ў Тбілісі, і склалі пратакол за нелегальнае знаходжанне ў краіне. У лютым 2024 года ў яго скончыўся тэрмін дзеяння беларускага пашпарта. Новы дакумент немагчыма аформіць у амбасадзе Беларусі ў Грузіі праз дыскрымінацыйны ўказ Аляксандра Лукашэнкі. Прытулку праваабаронцу грузінскія ўлады не даюць. Кісляк знаходзіцца пад абаронай на час разгляду яго скаргі Камітэтам ААН па правах чалавека.

21 ліпеня ў Дэпартаменце міграцыі МУС Грузіі Кісляку паведамілі, што будуць чакаць пастановы камітэта.

У 2025 годзе мясцовыя ўлады зрабілі больш жорсткім міграцыйнае заканадаўства — пасля затрымання замежнікаў, найперш грамадзян РФ, якія ўдзельнічалі ў масавых акцыях пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў парламенцкіх выбараў-2024 і адмовы партыі “Грузінская мара“ ад курсу на збліжэнне з Еўрасаюзам. Сярод затрыманых быў беларус Яўген Муравіцкі, якому пасля вызвалення ўдалося вылецець у Літву.

Грузія стала адной з асноўных краін знаходжання беларусаў, якія ўцяклі ад пераследу рэжымам Лукашэнкі ў 2020 годзе і пазней. Мясцовыя ўлады не задаволілі ніводнага іх хадайніцтва аб наданні прытулку.

Больш падрабязнасцяў даступна падпісчыкам “Позірк+”

Гл. таксама па тэме:

Адток новай беларускай дыяспары з Грузіі працягваецца трэці год (абноўлена)

Падзяліцца: