Мінск 00:24

Тытунёвая карпарацыя British-American Tobacco прадала бізнес у Беларусі і РФ

7 верасня, Позірк. British-American Tobacco (BAT) “афіцыйна заключыла пагадненне аб продажы свайго расійскага і беларускага бізнесу”, паведамляе прэс-служба тытунёвай карпарацыі.

Пакупніком выступіў “кансорцыум, што ўзначальваюць члены кіраўніцтва “БАТ Расія”, які “пасля завяршэння здзелкі будзе цалкам валодаць” бізнесам у Беларусі і РФ пад агульнай назвай ITMC.

“На працягу ўсяго працэсу перадачы бізнесу адным з нашых ключавых прыярытэтаў былі інтарэсы нашых калег у Расіі і Беларусі. — гаворыцца ў паведамленні. — У адпаведнасці з умовамі пагаднення [аб продажы], умовы іх працаўладкавання застануцца супастаўнымі з існымі ўмовамі BAT як мінімум два гады пасля завяршэння здзелкі”.

“Мы чакаем, што здзелка будзе завершаная на працягу найбліжэйшага месяца пасля выканання пэўных умоў. Пасля завяршэння здзелкі BAT больш не будзе прысутнічаць у Расіі і Беларусі і атрымліваць якую-небудзь фінансавую выгаду ад бягучых продажаў на гэтых рынках”, — падкрэсліла карпарацыя.

Гродзенская тытунёвая фабрыка “Нёман”, якая паводле кантракту вырабляла маркі цыгарэт, што належаць BAT, у жніўні 2021 года трапіла пад санкцыі ЗША, у чэрвені 2022-га — Еўрасаюза. Супрацоўніцтва было прыпыненае.

Увесну 2022 года стала вядома, што BAT лічыць свой бізнес у Беларусі і РФ няўстойлівым і мае намер сысці з гэтых краін. Увосень таго ж года ў Беларусі пачалася рэарганізацыя прадстаўніцтва карпарацыі.

Падзяліцца: