Мінск 19:29

Кіраўніца дэлегацыі КР Халопіца акрэсліла перад генсакратаром Савета Еўропы праблему транснацыянальных рэпрэсій супраць беларусаў

Фота: "Позірк"

27 кастрычніка, Позірк. Праблему транснацыянальных рэпрэсій супраць беларусаў акрэсліла перад генеральным сакратаром Савета Еўропы Аленам Берсэ кіраўніца дэлегацыі Каардынацыйнай рады ў Кангрэсе мясцовых і рэгіянальных уладаў (КМРУ) СЕ Ірына Халопіца.

“Дзякую вам за падтрымку, якую Савет Еўропы аказвае дэмакратычным сілам Беларусі, беларускаму народу ў нашай барацьбе за свабоду і дэмакратыю, — адзначыла яна 27 кастрычніка ў Страсбургу на пленарным пасяджэнні 51-й сесіі КМРУ пасля выступу генсакратара арганізацыі. — Сёння менавіта супраць беларускага народа ажыццяўляюцца самыя маштабныя транснацыянальныя рэпрэсіі ў Еўропе. Паводле даных ААН, больш за 600 тысяч чалавек былі вымушаныя пакінуць Беларусь”.

“У апошнія тыдні прапаганда рэжыму разгарнула скаардынаваную кампанію пагроз на адрас беларусаў у выгнанні, дэмакратычных лідараў, актывістаў, у тым ліку членаў Каардынацыйнай рады, удзельнікаў сесій ПАСЕ і Кангрэса. Ім пагражаюць пазбаўленнем грамадзянства, заяўляючы, што Беларусь — гэта рай, у якім неабходна жыць паводле вызначаных правілаў, а калі вы свядома парушаеце гэтыя правілы, то рызыкуеце быць назаўжды выгнанымі з раю. І гэта нягледзячы на тое, што артыкул 10 Канстытуцыі Беларусі наўпрост забараняе пазбаўленне грамадзянства”, — падкрэсліла Халопіца.

Паводле яе слоў, ужо цяпер “дзясяткі тысяч беларусаў жывуць у Еўропе без сапраўдных пашпартоў — праз указ, які забараняе выдачу пашпартоў за мяжой”. Пазбаўленне грамадзянства, адзначыла кіраўніца дэлегацыі КР, з’яўляецца “наступным этапам сістэматычнай эскалацыі рэпрэсій”.

“Як Савет Еўропы ацэньвае маштабныя транснацыянальныя рэпрэсіі супраць беларусаў і як ён мае намер рэагаваць на магчымае пазбаўленне іх грамадзянства?” — запыталася Халопіца ў Берсэ.

Генсакратар СЕ падзякаваў ёй за пытанне пра Беларусь і беларускі народ і запэўніў, што возьме яго “да ведама”, бо “не зусім упэўнены”, што можа даць адказ неадкладна.

“Але мы абавязкова звернем увагу на <…> аспект, пра які вы згадалі, — пытанне пашпартоў і грамадзянства, — сказаў ён. — Што да пытання грамадзянства і пашпартоў, мне сапраўды неабходна вярнуцца да яго разам з калегамі ў нашым апараце. Мы паглядзім, ці зможам даць вам канкрэтны, больш дакладны адказ на гэтую частку пытання”.

“Хацеў бы нагадаць, што мы шчыльна супрацоўнічаем з дэмакратычнымі сіламі Беларусі, — сказаў Берсэ. — Мы маем кантактную групу, і мы вядзём пастаянную працу з апазіцыяй у выгнанні і дэмакратычнымі сіламі Беларусі. <…> Нам неабходна супрацоўнічаць, і мы хочам супрацоўнічаць [з Беларуссю як краінай], але пры іншых умовах для Беларусі і для дэмакратычных сіл у Беларусі. Менавіта таму мы, Савет Еўропы, сярод іншага адкрылі інфармацыйны пункт у Вільнюсе — каб даваць інфармацыю і аказваць падтрымку беларусам у выгнанні”.

“Я меў магчымасць паўдзельнічаць <…> у цікавым мерапрыемстве, прысвечаным сітуацыі ў Беларусі, якое адбылося ў Нью-Ёрку на палях Генеральнай Асамблеі ААН з удзелам прадстаўнікоў дзяржаў-членаў. Гэта было вельмі цікавае, вельмі змястоўнае мерапрыемства. Я таксама сустракаўся з прадстаўнікамі апазіцыі. Я даволі добра ведаю Святлану Ціханоўскую. Апошнім часам мы шмат размаўлялі, у тым ліку з іншымі прадстаўнікамі апазіцыі падчас сесіі Парламенцкай асамблеі ў верасні мінулага года”, — дадаў ён.

Прадстаўнікі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці адносяць да транснацыянальных рэпрэсій сярод іншага ўнясенне ў спісы “экстрэмістаў” і “тэрарыстаў”, што можа ствараць праблемы пры перасячэнні межаў, атрыманні віз і адкрыцці банкаўскіх рахункаў; ціск на сваякоў эмігрантаў у Беларусі; завочныя суды; абмежаванне магчымасці атрымліваць і абнаўляць дакументы.

4 верасня 2023 года Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 “Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў”, які пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы. Гэта стварыла сур’ёзную праблему для беларусаў, якія не маюць магчымасці выехаць у Беларусь для абмену дакументаў.

“Пашпартны ўказ” № 278 з’яўляецца часткай “мэтанакіраванай палітыкі пакарання беларусаў, якія з’ехалі”, уключаючы праваабаронцаў, журналістаў і прадстаўнікоў апазіцыі, “за іх палітычную нелаяльнасць”, гаварылася ў заяве экспертаў ААН у верасні 2023 года.

Кангрэс мясцовых і рэгіянальных уладаў — асамблея ў складзе Савета Еўропы, з’яўляецца яго трэцяй асноўнай інстытуцыяй (апроч Камітэта міністраў і ПАСЕ), у якую ўваходзяць губернатары, мэры, кіраўнікі мясцовых уладаў з 46 краін СЕ.

Падзяліцца: