Мінск 13:48

Беларусь у ліку чатырох краін, якія прагаласавалі ў ААН супраць праекту рэзалюцыі за праваабаронцаў

20 лістапада, Позірк. Беларусь увайшла ў лік чатырох краін, якія прагаласавалі супраць праекту рэзалюцыі аб стварэнні бяспечных умоў для працы праваабаронцаў. Трэці камітэт Генасамблеі ААН, у падпарадкаванні якога знаходзяцца сацыяльныя, гуманітарныя і культурныя пытанні, ухваліў дакумент 17 лістапада, вынікае з запісу паседжання, а таксама інфармацыі арганізацыі PBI Canada.

Праект, прадстаўлены Нарвегіяй, падтрымала 167 дзяржаў. Разам з Мінскам супраць прагаласавалі Аргенціна, Ізраіль і ЗША. Яшчэ восем краін, у тым ліку Кітай і Расію, устрымалася. Беларуская дэлегацыя пры абмеркаванні праекту свой голас не патлумачыла.

У праекце выказана занепакоенасць дзеяннямі дзяржаў, якія пераследуюць праваабаронцаў за межамі сваіх меж. Змяшчаецца заклік прымаць меры для абароны пацярпелых і прыцягнення вінаватых да адказнасці. Асобныя палажэнні тычацца незаконнага лічбавага сачэння, у тым ліку з выкарыстаннем шпіёнскіх праграм, а таксама публікацыі асабістых звестак праваабаронцаў з мэтай цкавання.

Напярэдадні галасавання 108 арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку Amnesty International, Human Rights Watch і Міжнародная федэрацыя за правы чалавека (FIDH), заклікалі дзяржавы-сябры ААН падтрымаць праект і адхіліць папраўкі, якія маглі б аслабіць абарону праваабаронцаў.

Пасля 2020 года з-за рэпрэсій шэраг беларускіх праваабарончых арганізацый вымушаны быў працягваць працу за мяжой.

У красавіку 2026 года беларускія і міжнародныя праваабаронцы ў сумеснай заяве адзначылі, што ўлады прызнаюць такія арганізацыі “экстрэмісцкімі фарміраваннямі”, а крымінальны пераслед пагражае як іх удзельнікам, так і людзям, якія з імі ўзаемадзейнічаюць. Па ацэнцы аўтараў, такім чынам пераслед праваабаронцаў працягваецца і за межамі Беларусі.

Падзяліцца: