Мінск 11:08

Мінпрыроды: Агульны ўзровень выкарыстання адходаў вытворчасці ў Беларусі ў 2022 годзе перасягнуў 46%

2 жніўня, Позірк. Агульны ўзровень выкарыстання адходаў вытворчасці ў Беларусі ў 2022 годзе склаў больш за 46%, паведаміў на прэс-канферэнцыі 2 жніўня начальнік упраўлення рэгулявання абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Максім Тарасаў.

Паводле слоў чыноўніка, больш за ўсё адходаў утвараецца ад вытворчасці калійных угнаенняў, фосфагіпсу. “Іх доля складае 65% гадавога выхаду”, — удакладніў Тарасаў.

Пры гэтым, сказаў ён, узровень выкарыстання традыцыйных відаў другасных матэрыяльных рэсурсаў, якія адносяцца да адходаў вытворчасці (шклабой, макулатура, палімерныя адходы, зношаныя шыны) складае больш як 90%.

70% адходаў, якія перапрацоўваюцца, выкарыстоўваецца на прадпрыемствах, “дзе яны ўтварыліся”, 30% — перадаюцца іншым арганізацыям або рэалізуюцца”, паведаміла загадчыца аддзела абыходжання з адходамі прадпрыемства “Бел НДЦ “Экалогія” Кацярына Бацян.

Паводле яе слоў, каля 30% адходаў, якія перадаюцца іншым арганізацыям, ідзе на вытворчасць прадукцыі, столькі ж — на атрыманне энергіі, больш за 5% — на рэалізацыю насельніцтву. “Амаль 4% выкарыстоўваецца на палігонах у якасці ізалявальнага пласта, 1% экспартуецца ў РФ, Літву, Латвію, Таджыкістан. Для рэкультывацыі парушаных земляў выкарыстоўваецца каля 20% адходаў”, — паведаміла прадстаўнік прадпрыемства.

Максім Тарасаў адзначыў, што, як паказвае сусветны досвед, “паасобным зборам смецця можна дасягнуць 30-40% вымання і выкарыстання цвёрдых камунальных адходаў”. Для павелічэння гэтай долі неабходна іх “кампасціраванне і энергетычнае выкарыстанне”.

Чыноўнік таксама паведаміў, што ўзвядзенне першага ў Беларусі аб’екта па вытворчасці RDF-паліва (цвёрдае другаснае паліва) на Гродзенскім заводзе па утылізацыі і механічным сартаванні адходаў яшчэ не завершана.

Аб планах увесці аб’ект у 2023 годзе паведаміў 15 сакавіка намеснік дырэктара ўстановы “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” Арцём Шкрыль. “У далейшым плануецца будаўніцтва такіх заводаў у Мінску, Ваўкавыскім (Гродзенская вобласць) і Крычаўскім (Магілёўская вобласць) раёнах”, — сказаў ён.

Падзяліцца: