Мінск 09:12

“Бел НДЦ “Экалогія”: Унікальныя тэхналогіі перапрацоўкі адкідаў маюць больш як 6,6 тыс. зарэгістраваных у Беларусі аб’ектаў

2 жніўня, Позірк. Каля 2 тыс. беларускіх прадпрыемстваў маюць у сваёй структуры аб’екты па выкарыстанні адкідаў, паведаміла на прэс-канферэнцыі загадчыца аддзела абыходжання з адкідамі прадпрыемства “Бел НДЦ “Экалогія” Кацярына Бацян.

“На 2 жніўня 2023 года ў рэестры РУП “Бел НДЦ “Экалогія” зарэгістравана 11.029 такіх аб’ектаў. З іх 60% маюць унікальныя тэхналогіі перапрацоўкі адкідаў і каля 10% выпускаюць унікальную прадукцыю з адкідаў на тэрыторыі краін СНД”, — адзначыла прадстаўнік прадпрыемства.

Паводле яе слоў, найбольшы аб’ём выкарыстання адкідаў вытворчасці прыпадае на мінеральныя сінтэтычныя маслы, палімеры і пластык.

“Цяпер нарошчвае абароты выкарыстанне арганічных адкідаў, стварэнне арганічных угнаенняў, — паведаміла Бацян. — Актыўна праводзяцца работы па выкарыстанні ападкаў сцёкавых вод, якія ўтвараюцца на прадпрыемствах водаканалізацыйнай гаспадаркі”.

На “аб’екты пахавання” ідзе “невялікі аб’ём адкідаў” — 690 тыс. тон за год.

“На палігоны адпраўляюцца, напрыклад, неперапрацоўваемыя адкіды попелу ад топачных установак, некаторыя віды палімерных вырабаў, а таксама найбольшы аб’ём адкідаў 3-га класа небяспекі (кіслата саляная, цытрынавая, адпрацаваныя акумулятарныя шчолачы, таблетачны пыл і інш. — “Позірк”.)”, — сказала Бацян.

15 сакавіка намеснік дырэктара ўстановы “Аператар другасных матэрыяльных рэсурсаў” Арцём Шкрыль паведаміў на прэс-канферэнцыі, што за апошнія 10 гадоў доля выкарыстання цвёрдых камунальных адкідаў павялічылася больш як у тры разы. У 2022 годзе выкарыстана 32% цвёрдых камунальных адкідаў супраць 10% у 2012-м.

Шкрыль зазначыў, што ў краіне штогод утвараецца каля 4 млн тон камунальных адкідаў. Узровень выкарыстання адкідаў ён назваў недастатковым, хаця па гэтым паказчыку Беларусь з’яўляецца лідарам у СНД і знаходзіцца на ўзроўні такіх краін, як Грэцыя, Турцыя, апярэджваючы Балгарыю і Румынію, заявіў дырэктар установы.

Ён нагадаў, што ў 2017 годзе была прынята Нацыянальная стратэгія па абыходжанні з камунальнымі адкідамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі, згодна з якой да 2030 года плануецца перапрацоўваць 90% камунальных адкідаў.

Падзяліцца: