Мінск 13:55

Да 7 гадоў зняволення прыгавораны кіроўца, прызнаны вінаватым у аварыі са шматлікімі ахвярамі ў Смалявіцкім раёне

18 верасня, Позірк. У рамках справы аб дарожна-транспартным здарэнні са шматлікімі ахвярамі, якое адбылося сёлета ў лютым у Смалявіцкім раёне, Мінскай абласны суд 18 верасня прыгаварыў кіроўцу грузавіка — работніка “Аўтамабільнага парку № 20” (філіял “Мінскаблаўтатранса”) да 7 гадоў зняволення ва ўмовах агульнага рэжыму.

Паводле інфармацыі прэс-службы Генеральнай пракуратуры, мужчына, чыё імя не называецца, прызнаны вінаватым у “парушэнні правілаў дарожнага руху і эксплуатацыі транспартнага сродку” (арт. 317 КК). У выніку сутыкнення грузавіка з маршрутным таксі, адзначае наглядны орган, “загінула 12 пасажыраў, кіроўца мікрааўтобуса, а пазней у бальніцы памёр яшчэ адзін пасажыр”.

Лабавое сутыкненне грузавога аўтамабіля “МАЗ” з маршруткай адбылося 20 лютага на 9-м км аўтадарогі Р-69 (Смалявічы — Шацк). Сярод загінулых былі дзеці 13 і 14 год. Сямёра тых, хто выжыў, атрымалі цяжкія траўмы.

Пасля таго ДТЗ транспартная інспекцыя Мінтранса і Дзяржаўтаінспекцыя пачалі правяраць выкананне ў маршрутных таксі правілаў перавозкі і бяспекі пасажыраў. Пазней кіраўнік МУС Іван Кубракоў заявіў, што ў дзейнасці перавозчыкаў выяўленыя “пэўныя парушэнні”, у сувязі з чым міністэрства ініцыявала змены правілаў перавозкі пасажыраў.

Падзяліцца: