Мінск 01:48

Лукашэнка абверг інфармацыю аб будаўніцтве рэзідэнцыі “з ёршыкамі”, заявіўшы, што яму “ёсць дзе працаваць”

22 верасня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка назваў “інфармацыйнай атакай” паведамленні ў СМІ аб будаўніцтве яго новай рэзідэнцыі на вуліцы Чырвонаармейскай у цэнтры Мінска.

Адпаведны фрагмент выступлення на нарадзе па пытаннях адукацыі 21 верасня апублікаваў неафіцыйны тэлеграм-канал яго прэс-службы “Пул Першага”.

“Нядаўна з’явілася інфармацыя: Лукашэнка пабудаваў сабе новую рэзідэнцыю, там, напэўна, будзе УНС. Я думаю: дзе пабудаваў, хто пабудаваў? Без мяне гэта не маглі пабудаваць. Аказваецца, старое аддзяленне — рэабілітацыйнае ці якое — лякарні [старшыні Мінгарвыканкама] Кухараву аддалі. Вялікую гэтую бальніцу чыноўніцкую. Маленькую пабудавалі за горадам. І там было аддзяленне гэта рэабілітацыі, дзе там у басейнах кагосьці выцягвалі, расцягвалі”, — заявіў Лукашэнка.

Не ўдакладніўшы, пра які менавіта аб’ект гаворка, Лукашэнка адзначыў, што рамонтам займалася Кіраўніцтва справамі прэзідэнта.

“На другіх паверхах даручыў — усе фонды, якія мы закрылі (сабачак лячылі, катоў і гэтак далей), дабрачынныя, сабраць пад адзін дах. Гэта прэзідэнт пабудаваў сабе рэзідэнцыю там, новую. Слухайце, мне хапае працоўных месцаў, дзе працаваць. Тут я працую і за горадам, адзін да аднаго кабінеты. Больш мне нічога не трэба”, — сказаў Лукашэнка.

Ён перакананы, што публікацыі аб новай рэзідэнцыі з’явіліся, каб яго “абмакнуць”.

“Ёршыкі там, кажуць, нейкія ці то за 600, ці то за колькі рублёў. Пытаюся — ды не, кажуць, Аляксандр Рыгоравіч, ніякіх [ёршыкаў]. Вось ідзе накат і выбіраюць цэнтральных людзей на каго націснуць і па кім ударыць”, — падкрэсліў ён.

Паводле яго сцвярджэння, такія “інфармацыйныя атакі” цяпер рыхтуюцца супраць кожнага, хто “так ці інакш патрыёт”, і на гэта неабходна рэагаваць.

“Вядома, з кожнай нагоды не выйдзеш, пра ёршыкі распавядаць не будзеш. Тым не менш нам яшчэ і гэтаму прыйдзецца супрацьстаяць”, — рэзюмаваў Лукашэнка.

Расследаванне аб будаўніцтве новай рэзідэнцыі выпусціла 18 верасня на сваім ютуб-канале аб’яднанне былых сілавікоў BelPol. Інфармацыю, якая падмацавана атрыманымі дакументамі, у той жа дзень распаўсюдзілі незалежныя СМІ.

Паведамлялася, што за сродкі дзяржбюджэту праводзіцца рамонт і абсталяванне чатырохпавярховага будынка па адрасе вул. Чырвонаармейская, 15 у Мінску. Кошт работ, паводле звестак BelPol, складзе больш за 14 млн долараў.

Увагу аўтараў расследавання прыцягнула зона адпачынку ў меркаванай рэзідэнцыі. У гэтай частцы будынка спраектаваны СПА-аб’ект з плавальнай дарожкай, сауна і крыапакой, хамам, масажны кабінет і два душы з назвамі “Тропіка” і “Сібірская ноч”.

Сярод іншага супрацоўнікі BelPol ацанілі кошт санвузла, размешчанага побач са спальняй “гаспадара” будынка. Сцвярджаецца, што тумба пад рукамыйніцу ў памяшканні абышлася дзяржбюджэту ў суму каля 6.600 рублёў, трымальнік для ручнікоў — 3.312 рублёў, мыльніца — 1.656 рублёў, ёршык — каля 600 рублёў, трымальнік для туалетнай паперы — амаль 300 рублёў.

Раней па адрасе Чырвонаармейская, 15 размяшчаўся Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр Упраўлення справамі прэзідэнта (лечкамісія). У 2018 годзе яго перанеслі ў новы будынак у аграгарадку Ждановічы (Мінскі раён).У 2021 годзе былы міністр культуры, а цяпер намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка заявіў, што ўсяго ў Лукашэнкі 15 рэзідэнцый.

Падзяліцца: