be
Arrow
Мінск 12:54

Еўрапейскія палітыкі асудзілі прыгавор Ціханоўскай і іншым фігурантам “справы Каардынацыйнага савета”

6 сакавіка, BPN. Вынесеныя сёння ў Мінску завочныя прысуды Святлане Ціханоўскай і іншым фігурантам “справы Каардынацыйнага савета” выклікалі асуджэнне еўрапейскіх палітыкаў.

“Пародыяй на правасуддзе” назваў працэс кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс. “Асуджаю чарговае злоўжыванне правасуддзем з боку нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі”, — напісаў ён.

Генеральны сакратар Савета Еўропы Марыя Пейчынавіч-Бурыч заявіла, што яе арганізацыя падтрымлівае Ціханоўскую “ў нястомнай барацьбе за свабоду, справядлівасць і дэмакратыю”.

У адказ Ціханоўская падзякавала генсеку Рады Еўропы: “Дзякуй усёй Еўропе за тое, што адкрылі свае сэрцы беларусам!”

Віцэ-прэзідэнт Еўрапейскага парламента Нікола Беер лічыць фарсам суд над Ціханоўскай. “Рэжым у Беларусі топча вяршэнства закона і карае Ціханоўскую за яе барацьбу за дэмакратыю ў Беларусі. ЕС цвёрда стаіць на баку гэтай смелай жанчыны і дэмакратычнай апазіцыі ў Беларусі”, — падкрэсліла Беер.

Кіраўнік МЗС Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс адзначыў, што Ціханоўская з’яўляецца легітымным лідарам беларускага народа, а “пастановы незаконных лукашэнкаўскіх судоў не могуць і не зменяць гэтую рэальнасць”. “Беларусь аднойчы зноў стане свабоднай”, — упэўнены кіраўнік літоўскай дыпламатыі.

6 сакавіка Мінскі гарадскі суд завочна прыгаварыў Ціханоўскую да 15 гадоў пазбаўлення волі, намесніка старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку — да 18, члена прэзідыума КС Вольгу Кавалькову, яе калегу, лідара стачкама Мінскага трактарнага завода Сяргея Дылеўскага і былога кіраўніка штаба Ціханоўскай Марыю мароз — да 12 гадоў.

Гл. далей па тэме:

Ціханоўская завочна прыгаворана да 15 гадоў пазбаўлення волі, Латушка — да 18 (дапоўнена)

Ціханоўская: Сёння я думаю пра тых, каму рэжым даў рэальныя, а не завочныя тэрміны

Падзяліцца: