be
Arrow
Мінск 18:58

Прадстаўнік “Белводаканала”: Перавод Мінска і ўсёй краіны на ваду з артэзіянскіх крыніц будзе завершаны да канца 2025 года

20 сакавіка, BPN. Да канца 2025 года ўсе жыхары Беларусі, у тым ліку Мінска, будуць забяспечаны пітной вадой з падземных крыніц, заявіла намеснік генеральнага дырэктара дзяржаўнага вытворчага аб’яднання “Белводаканал” Ірына Роўба, адказваючы на пытанне BPN на прэс-канферэнцыі 20 сакавіка.

Паводле яе слоў, у рамках дзяржаўнай падпраграмы “Чыстая вада” ажыццяўляецца перавод усіх спажыўцоў сталіцы на ваду з падземных крыніц.

“Трэба разумець, што да 2025 года ўсе спажыўцы Беларусі будуць выкарыстоўваць падземныя воды добрай якасці. Цяпер выконваецца паскарэнне работ. Паралельна — праектаванне і будаўніцтва. Толькі ў Мінску разам з падземнымі часткова выкарыстоўваюцца і паверхневыя крыніцы — каля 30% водазабеспячэння горада”, — заявіла Роўба.

У той жа час, адзначыла яна, падземныя крыніцы характарызуюцца павышаным утрыманнем жалеза, таму “асноўнай задачай па забеспячэнні ачысткі вады з’яўляецца абезжалезванне”.

“За 2021-2022 гады пабудавана практычна 400 станцый абезжалезвання, а з 2016 года — больш за тысячу”, — паведаміла прадстаўнік “Белводаканала”. Паводле яе інфармацыі, на гэтыя мэты з рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў штогод накіроўваецца каля 40 млн рублёў. У 2023 годзе запланавана будаўніцтва 147 станцый абезжалезвання вады.

Роўба таксама паведаміла, што забяспечанасць насельніцтва цэнтралізаванымі сістэмамі водазабеспячэння і водаадвядзення складае 91,7%, “пры гэтым якаснай пітной вадой забяспечана 97,1% [жыхароў]”. Эксплуатуецца 41 тыс. км сетак водазабеспячэння, больш за 10 тыс. артэзіянскіх свідравін. Штодзень насельніцтву і прадпрыемствам падаецца 1,5 млн кубаметраў вады. У параўнанні з 2015 годам удалося на чвэрць скараціць страты і няўлічаныя расходы водных рэсурсаў — “а гэта больш за 100 тыс. метраў кубічных вады штогод”.

У 2009 годзе ўлады заяўлялі, што Мінск будзе цалкам пераведзены на артэзіянскую ваду да 2015 года.

Падзяліцца: