be
Arrow
Мінск 20:54

Палітаналітык Фрыдман: Сустрэча з Пушыліным — прагматычнае рашэнне Лукашэнкі, якое павінна спадабацца Маскве

18 красавіка, BPN. Асабістая сустрэча з кіраўніком так званай “ДНР” — прагматычнае, не пазбаўленае жадання атрымаць эканамічную выгаду рашэнне Аляксандра Лукашэнкі, якое павінна “спадабаецца Маскве” і расійскай аўдыторыі, зазначыў у каментары BPN палітычны аналітык і гісторык Аляксандр Фрыдман.

Сустрэчу ён ацэньвае як “ўсвядомлены і самастойны крок Лукашэнкі” і не бачыць у ім ніякага магчымага прымусу з боку Масквы.

“Калі летась Пушылін быў у Беларусі, сустракацца з ім Лукашэнку не было трэба: не хацелася правакаваць лішні раз Украіну і Захад, а нейкія эканамічныя выгады былі невідавочныя. Цяпер гэта прагматычнае рашэнне. Лукашэнка ведае — Маскве яно спадабаецца”, — адзначыў Фрыдман.

Аналітык лічыць, што “Лукашэнка зусім не супраць апрыходаваць” сродкі, якія выдзяляюцца РФ акупаваным тэрыторыям, таму “можа быць нават эканамічныя матывы і пераважаюць”.

Фрыдман мяркуе, што Лукашэнка для сябе “зрабіў выснову, што Расія гэтыя тэрыторыі не аддасць ні пры якім збегу абставінаў, што тэрыторыі, а менавіта Данбас, доўгатэрмінова будуць знаходзіцца пад кантролем РФ”.

Пры гэтым, лічыць эксперт, сустрэча з Пушыліным для Лукашэнкі вялікай ролі не адыгрывае “на фоне ўсяго таго, што ён робіць у знешняй палітыцы і ў адносінах да Украіны”.

На яго думку, гэтая сустрэча для самога Пушыліна “куды больш важная ў сэнсе прызнання”, чым для Лукашэнкі. Апошні пры гэтым кажа тое, што “спадабаецца расійскай аўдыторыі”.

“Калі ён кажа “нашы справы на фронце”, я не думаю, што вось ён сябе літаральна асацыюе з расійскім войскам, але гэта той мэсыдж, тыя словы, якія расійскай аўдыторыі павінны спадабацца”, — зазначыў эксперт.

На думку Фрыдмана, сам візіт не сведчыць аб прызнанні афіцыйным Мінскам суб’ектнасці “ДНР”, бо ніякіх афіцыйных крокаў у гэтым напрамку зроблена не было.

Ён мяркуе, што ўкраінскі бок, хутчэй за ўсё, асудзіць сустрэчу або зусім яе праігнаруе. Эксперт зазначыў, што з боку Украіны назіраецца зніжэнне ўзроўню каментароў дзеянняў Лукашэнкі. Фрыдман не выключае з’яўлення фармальнага асуджальнага каментара ад МЗС Украіны, але ўпэўнены, што “больш радыкальных крокаў не будзе”.

“У Кіеве з Лукашэнкам ужо ўсё даволі ясна і зразумела. Тое, што яны зараз праводзяць тую палітыку, якую праводзяць, не закрываюць амбасаду, не разрываюць дыпламатычныя адносіны, паводзяць сябе асцярожна, тлумачыцца ваеннай сітуацыяй. Тое, што ён ужо зрабіў і робіць супраць Украіны, яму ў Кіеве не забудуць”, — падкрэсліў Фрыдман.

Гл. таксама:

Лукашэнка: Гатовыя аказаць дапамогу, каб не чужыя нам людзі ў ДНР нарэшце перасталі пакутаваць

Падзяліцца: