be
Arrow
Мінск 13:29

Беларусь разлічвае на ўдзел у будаўніцтве АЭС у Венгрыі

27 ліпеня, BPN. Беларусь разлічвае на ўдзел у будаўніцтве АЭС у Венгрыі, прапановы перададзеныя венгерскаму боку, заявіў амбасадар Беларусі ў гэтай краіне Уладзімір Улаховіч у эфіры тэлеканала “Беларусь 1”. 

АЭС будзе ўзводзіцца паводле расійскага праекта, удакладніў ён: “Венгрыі ўдалося вырашыць пытанне з працягам развіцця сваёй атамнай станцыі, яны здолелі дамовіцца з Еўрапейскай камісіяй. Фактычна прынята рашэнне, што “Расатам” працягне будаўніцтва аб’екта “Пакш-2″. Будзе ўжыты такі ж рэактар, які працуе на беларускай станцыі. Гэта значыць, што адкрываюцца магчымасці ўзаемадзеяння і ў гэтым сектары”. 

Паводле слоў Улаховіча, пачатак будаўніцтва другога блока “Пакш-2” запланаваны на жнівень гэтага года. 

Амбасадар сцвярджае, што ў венгерскага боку ёсць попыт і на будаўнікоў, і на інжынераў з Беларусі, але пакуль рэальная толькі праца экспертнай групы. 

Супрацоўніцтва з Венгрыяй абмежавана санкцыямі, але магчыма ў сферах сельскай гаспадаркі, фармацэўтыкі, IT, якія не закрануты санкцыямі, зазначыў Улаховіч. 

Венгрыя застаецца адзінай краінай ЕС, якая падтрымлівае публічна кантакты з афіцыйным Мінскам. 

13 лютага Мінск наведаў міністр замежных спраў і знешнеэканамічных сувязей Петэр Сіярта, ён правёў перагаворы з кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Алейнікам і міністрам эканомікі Аляксандрам Чарвяковым. 

У лютым была падпісана праграма супрацоўніцтва паміж міністэрствамі замежных спраў Беларусі і Венгрыі на 2023 год. Праграма прадугледжвае працяг дыялогу паміж МЗС, комплекс мер па стымуляванні эканамічнага супрацоўніцтва, адукацыйных і культурных абменаў, паведамляла беларускае знешнепалітычнае ведамства. 

Венгрыя ўваходзіць у топ-30 вядучых гандлёвых партнёраў Беларусі. Паводле даных беларускага МЗС, у 2021 годзе тавараабарот з Венгрыяй дасягнуў 231,5 млн долараў, павялічыўшыся ў перыяд з 2017 года на чвэрць. Пры гэтым экспарт тавараў склаўся на ўзроўні 89,8 млн долараў і вырас за пяць гадоў на 26%. 

“Расатам” і венгерская кампанія MVM падпісалі кантракт коштам 12 мільярдаў еўра на будаўніцтва двух энергаблокаў атамнай электрастанцыі “Пакш” у 2014 годзе. Для рэалізацыі праекта Масква павінна была выдзеліць Будапешту крэдыт памерам да 10 мільярдаў еўра, паведамлялі СМІ. 

Аб пачатку будаўніцтва атамнай станцыі з “Расатамам” Будапешт паведаміў у верасні 2022 года. Згодна з планамі, завяршыць праект плануецца да 2030 года.

Падзяліцца: