Мінск 14:13

Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да Рады БНР

2 кастрычніка, Позірк. Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу ў дачыненні да кіраўнікоў і сябраў Рады Беларускай Народнай рэспублік (БНР), абвінавачванне складаецца з сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса — ч. 1 арт. 357, ч. 1 арт. 3611, ч. 2 арт. 3614, ч. 1 арт. 130, ч. 3 арт. 1301, ч. 5 арт. 16 і ч. 1 арт. 3613, арт. 3691.

Як адзначае прэс-служба нагляднага ведамства, “дзейнасць Рады БНР заснаваная на адмаўленні існавання суверэннай беларускай дзяржавы”, арганізацыя пазіцыянуе сябе як “урад у выгнанні”, а яе кіраўнік [87-гадовая Івонка Сурвіла] абвяшчае сябе “прэзідэнтам”.

Акрамя гэтага, заяўляе Генпракуратура, кіраўніцтва Рады “каардынуе дэструктыўныя намаганні з іншымі экстрэмісцкімі арганізацыямі, уключаючы так званыя Каардынацыйную раду, Аб’яднаны пераходны кабінет, устанаўлівае сувязі з дзейнымі на тэрыторыі Украіны ўзброенымі структурамі, у якія ўваходзяць і грамадзяне Рэспублікі Беларусь”.

Падставай для ўзбуджэння справы паслужыла таксама распаўсюджванне Радай БНР у інтэрнэце “з выкарыстаннем падкантрольных рэсурсаў” “загадзя ілжывых звестак аб палітычным, эканамічным, сацыяльным, ваенным і міжнародным становішчы Рэспублікі Беларусь, прававым становішчы яе грамадзян”.

Паводле сцвярджэння ведамства, Рада БНР “рэанімуе і развівае ўласную ўзнагародную сістэму, заснаваную калабарацыяністамі ў саракавыя-пяцідзесятыя гады мінулага стагоддзя”, што з’яўляецца “цынічнай абразай памяці ахвяр генацыду беларускага народа і злачынным саўдзелам у рэабілітацыі нацызму”.

“Інфармацыйная прадукцыя падкантрольных Радзе БНР рэсурсаў пастановай суда Цэнтральнага раёна Мінска ў верасні 2023 года прызнаная “экстрэмісцкімі матэрыяламі”, а сама Рада БНР у ліпені гэтага года пастановай КДБ — “экстрэмісцкім фарміраваннем”, — гаворыцца ў заяве Генпракуратуры.

Як заявіў на брыфінгу 2 кастрычніка начальнік аддзела па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб дзяржаўнай бяспецы Генпракуратуры Валерый Шуляк, матэрыялы справы ў дачыненні да ўдзельнікаў Рады БНР накіраваныя старшыні КДБ Івану Церцелю для арганізацыі папярэдняга расследавання.

“Генеральная пракуратура мяркуе неабходным ініцыяваць па дыпламатычных каналах патрабаванні да ўладаў ЗША, Канады, Вялікабрытаніі прыняць вычарпальныя і неадкладныя меры да спынення дзейнасці названага экстрэмісцкага фарміравання пранацысцкага толку на іх тэрыторыі”, — сказаў Шуляк.

Рада БНР пазіцыянуе сябе як найстарэйшы беларускі палітычны і дзяржаўны інстытут, захавальнік традыцый нацыянальнага руху, які дзейнічае з моманту абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі 25 сакавіка 1918 года.

Пасля зрыву мірных перамоў у Брэсце і наступлення германскіх войскаў бальшавікі пакінулі Мінск. У гэтай сітуацыі дзеячы Цэнтральнай беларускай вайсковай рады і Выканаўчага камітэта Рады Усебеларускага з’езда абвясцілі сябе часовай уладай на тэрыторыі краіны да склікання ўстаноўчага сейма. 21 лютага 1918 года Выканкам Рады сфармаваў першы ўрад БНР — Народны сакратарыят на чале з Язэпам Варонкам.

Урад БНР прыкладаў нямала намаганняў для арганізацыі нацыянальных інстытутаў. Была прынята пастанова аб дзяржаўным статусе беларускай мовы, адкрываліся беларускія школы і гімназіі, культурна-асветніцкія таварыствы і тэатры, працавалі выдавецтвы, выходзілі беларускія газеты, вялася праца па адкрыцці ў Мінску Беларускага ўніверсітэта. З’явіўся пашпарт грамадзяніна БНР, у тым ліку дыпламатычны, узаконеная дзяржаўная сімволіка — бел-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. У шэрагу краін Еўропы адкрыліся дыпламатычныя прадстаўніцтвы БНР.

Аднак у сілу складанага ваенна-палітычнага становішча Рада БНР не змагла рэалізаваць ідэю дзяржаўнага суверэнітэту краіны. Шэраг гісторыкаў лічыць, што менавіта перыяд БНР стаў першым этапам дзяржаўнага станаўлення беларускай нацыі.

У 2020 годзе Рада БНР падтрымала пратэстны рух супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, пасля нападу РФ на Украіну з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі выступіла супраць расійскай агрэсіі.

Як паведамлялася раней, заснаваны летась Радай БНР медаль “Пагоня” быў уручаны сваякам загінулага актывіста Вітольда Ашурка, былой палітзняволенай, журналістцы Дар’і Чульцовай, сваякам і сябрам асуджаных па палітычных матывах фігуранта “справы “Аўтуховіча” Уладзіміра Гундара, грамадскай актывісткі Паліны Шарэнда-Панасюк, журналіста-даследчыка Дзяніса Івашына, а таксама загінулых пратэстоўцаў і актывістаў Мікіты Крыўцова і Рамана Бандарэнкі, беларускага добраахвотніка Эдуарда Лобава, які ваяваў ва Украіне.

Даведка:

арт. 357 Крымінальнага кодэкса — змова або іншыя дзеянні з мэтай захопу дзяржаўнай улады;

арт. 3611 КК — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо ўдзел у ім;

арт. 3614 — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці;

арт. 130 — распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы;

арт. 1301 — рэабілітацыя нацызму;

арт. 16, ч. 1 арт. 3613 — падбухторвання да ўдзелу грамадзян Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ва ўзброеным фарміраванні аднаго з супрацьлеглых бакоў, а таксама ўдзелу ва ўзброеным канфлікце, ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы;арт. 3691 — дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь.

Падзяліцца: