Мінск 15:11

Ціханоўская: Генацыд беларускага народа не застаўся ў 1940-х, ён адбываецца проста зараз

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

15 лістапада, Позірк. Структуры, накшталт ГУБАЗіК і АМАП, якія закліканы абараняць, “сталі сапраўднымі карнікамі”, а ідэолагі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — тымі, хто “бязлітасна знішчае” беларускую нацыянальную ідэнтычнасць, заявіла 15 лістапада дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская.

Заява, апублікаваная ў тэлеграм-канале палітыка, стала рэакцыяй на прэзентацыю Міністэрствам адукацыі і Генеральнай пракуратурай школьных дапаможнікаў “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны”.

На думку Ціханоўскай, “генацыд беларускага народа не застаўся ў 1940-х гадах — ён адбываецца ў Беларусі проста зараз”, калі палітвязняў у месцах несвабоды “пазбаўляюць дапамогі, медыкаментаў і рэчаў першай неабходнасці, асуджаючы на марудную смерць”.

Генацыд, лічыць яна, адбываецца ў аддзелах міліцыі, дзе з людзей “сілай выбіваюць паказанні і прымушаюць запісаць “пакаяльныя” відэа”, у школах і універсітэтах, дзе “людзі ў пагонах падмяняюць адукацыю ідэалогіяй” і “ламаюць лёсы маладых людзей за любыя спробы пайсці супраць сістэмы”.

З дапамогай падручнікаў, “напісаных пад дыктоўку прапагандыстаў і сілавікоў”, цяперашні рэжым не данясе да дзяцей праўду, перакананая Ціханоўская: “Не раскажа пра тое, як дзесяцігоддзямі ліквідуе апанентаў Лукашэнка, <…> як тысячамі саджае беларусаў за краты, каб выкараніць іншадумства”.

“Там не раскажуць пра тое, як рэжым некалькі разоў перапісваў нашу гісторыю, забараняў любыя згадкі пра нашых герояў і ўносіў у спісы “экстрэмісцкіх матэрыялаў” найлепшыя творы беларускіх аўтараў”, — дадала яна.

Палітык перакананая, што Лукашэнка гадамі “здраджваў уласным грамадзянам і сваёй краіне дзеля захавання ўлады”.

“Нягледзячы на гады прапаганды, мы, беларусы, ведаем праўду. Ведаем сваю гісторыю і памятаем сваіх герояў. І нашая задача зараз не даць прапагандзе трапіць у галовы нашых дзяцей”, — падсумавала дэмлідар.

Дапаможнікі “Генацыд беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны” для 1–4-х, 5–9-х і 10–11-х класаў устаноў сярэдняй адукацыі былі распрацаваныя ў 2023 годзе. Прэзентацыя адбылася 14 лістапада ў Мінску.

Пры гэтым адпаведныя змены ў навучанні школьнікаў адбыліся ў 2022 годзе. Сярод іншага ў адукацыйным працэсе пачалі выкарыстоўваць перададзеныя Генпракуратурай матэрыялы крымінальнага расследавання аб “генацыдзе беларускага народа”.

У праграму прадмета “Чалавек і свет. Мая Радзіма — Беларусь” для 4-га класа (навучаюцца дзеці ва ўзросце 10 гадоў) дадалі тэму “Трагедыя беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Гістарычная памяць аб гібелі жыхароў беларускай вёскі Хатынь і дзецях — ахвярах вайны”.

Тэму “генацыду беларускага народа” ўлады пачалі актыўна прасоўваць тры гады таму, за яго публічнае адмаўленне ўвялі крымінальную адказнасць. Пры гэтым рэжым увесь час праводзіць паралель паміж гітлераўцамі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і гвалту з боку сілавікоў.

Гл. таксама:

Лукашэнка: Якасць школьных падручнікаў — сур’ёзная недапрацоўка Мінадукацыі на працягу шэрагу гадоў

Беларускія ўлады злоўжываюць антытэрарыстычным і антыэкстрэмісцкім заканадаўствам — спецдакладчык ААН

Падзяліцца: