Мінск 18:25

Пашынян не паедзе ў Мінск на саміт у АДКБ, бо гэтая арганізацыя “не адрэагавала на выклікі бяспецы Арменіі”

Нікол Пашынян Фота: kremlin.ru

15 лістапада, Позірк. Прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян заявіў, што не прыедзе ў Мінск 23 лістапада для ўдзелу ў саміце кіраўнікоў дзяржаў Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ), бо гэтая арганізацыя, нягледзячы на свае абавязацельствы, “не адрэагавала належным чынам на выклікі бяспецы Арменіі”.

“Гэта паўтарылася некалькі разоў, — цытуе Пашыняна news.am. — Пры ўсёй павазе да ўсіх нашых партнёраў, канстатуем, што армянскай грамадскасці незразумела, чаму мы ідзем і паўтараем кожны раз адно і тое ж, не атрымліваем ніякага адказу, сыходзім, вяртаемся… Затым зноў адбываецца тое ж самае. Асноўная праблема заключаецца ў тым, што АДКБ дэ-юрэ фактычна адмаўляецца рэгістраваць сваю зону адказнасці ў Арменіі. А гэта можа азначаць, што <…> мы можам далучыцца да логікі, якая якім-небудзь чынам паставіць пад сумнеў тэрытарыяльную цэласнасць Арменіі і суверэнітэт. Мы не можам сабе гэтага дазволіць”.

Пашынян падкрэсліў, што Арменія “шукае і знаходзіць” іншых саюзнікаў па бяспецы, таму што цяперашнія партнёры, “у тым ліку па аб’ектыўных прычынах, не маюць магчымасці прадаваць зброю і боепрыпасы”.

“Стратэгічна мы не збіраемся аб’яўляць аб змене палітыкі, пакуль не прымем рашэнне аб выхадзе з АДКБ”, — сказаў Пашынян.

Аляксандр Лукашэнка тэлефанаваў Пашыняну раніцай 14 лістапада, каб запрасіць яго ў Мінск на саміт АДКБ, але армянскі прэм’ер адмовіўся ад візіту.

Лукашэнка “спакойна” паставіўся да гэтай адмовы, заявіла прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант. Пры гэтым, дадала яна, Лукашэнка, “зыходзячы са свайго досведу”, прапанаваў Пашыняну “не спяшацца, не прымаць паспешных рашэнняў, а сур’ёзна абдумваць наступныя крокі, якія могуць быць накіраваныя на дэзінтэграцыю”.

Пашынян неаднаразова крытыкаваў арганізацыю за тое, што яе ўдзельнікі не дапамаглі Ерэвану ва ўзброеным канфлікце з Азербайджанам вакол Нагорнага Карабаху.

Арганізацыя Дагавора аб калектыўнай бяспецы — ваенна-палітычны блок, мэтамі якога заяўлены “ўмацаванне міру, міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі і стабільнасці, абарона на калектыўнай аснове незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці і суверэнітэту дзяржаў-членаў”. У яго ўваходзяць Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.

Шэраг экспертаў канстатуе крызіс у АДКБ, звязаны з тым, што прынцыпы забеспячэння калектыўнай бяспекі ўнутры аб’яднання не выконваюцца.

Акрамя таго, Кыргызстан і Таджыкістан перыядычна абстрэльваюць адзін аднаго ў памежжы. У АДКБ таксама няма адзінства ў пытанні вайсковай агрэсіі РФ супраць Украіны.

Падзяліцца: