Мінск 10:42

Павераны ў справах Францыі ў Беларусі сустрэўся з кіраўніцтвам праўладных партый

Людавік Руае і Аляксандр Хіжняк Фота: амбасада Францыі ў Беларусі

17 лістапада, Позірк. Павераны ў справах Францыі ў Беларусі Людавік Руае правёў сустрэчы з кіраўніцтвам трох з чатырох беларускіх партый: “Белая Русь” (9 лістапада), Камуністычнай партыі Беларусі (13 лістапада) і Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці (13 лістапада згодна з рускамоўным прэс-рэлізам амбасады, 17 лістапада — згодна з беларуска- і франкамоўным рэлізамі).

Дыпламата цікавілі гісторыя стварэння, праграма і задачы гэтых партый “напярэдадні старту выбарчай кампаніі 2024 года”.

Лідары БР Алег Раманаў, КПБ Аляксей Сокал і РППС Аляксандр Хіжняк на сустрэчах “прадставілі сваё бачанне развіцця Беларусі ў розных галінах”.

Сёлета летам і восенню было ліквідавана 11 палітычных структур: Кансерватыўна-хрысціянская партыя — БНФ, Беларуская патрыятычная партыя, Беларуская партыя “Зялёныя”, Партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, Рэспубліканская партыя, Сацыял-дэмакратычная партыя народнай згоды, Партыя БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя, Беларуская сацыяльна-спартыўная партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Грамада” і Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”.

На пачатку верасня стала вядома, што Беларуская аграрная партыя знаходзіцца ў працэсе самаліквідацыі, у спісе зарэгістраваных палітычных сіл яе няма.

Перарэгістраваныя праўладныя Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці. Акрамя таго, зарэгістраваная максімальна лаяльная Аляксандру Лукашэнку партыя “Белая Русь”.

У канцы 2022 года Лукашэнка заявіў, што “на палітычным полі краіны павінны працаваць толькі тыя партыі, дзейнасць якіх адпавядае асноўным прынцыпам унутранай і знешняй палітыкі”.

У лютым 2023-га ён падпісаў закон, які зрабіў больш жорсткімі патрабаванні да палітычных сілаў і абавязаў усе існуючыя партыі прайсці працэдуру перарэгістрацыі. У канцы таго ж месяца міністр юстыцыі Сяргей Хаменка спрагназаваў, што колькасць партый пасля перарэгістрацыі паменшыцца да “трох-чатырох”.

Падзяліцца: