Мінск 00:50

У Беларусі за кратамі знаходзіцца 11 падлеткаў-палітвязняў — праваабаронцы

Фота мае ілюстрацыйны характар
Крыніца: research.uga.edu

20 лістапада, Позірк.  У Беларусі за кратамі знаходзіцца 11 падлеткаў-палітвязняў (паводле класіфікацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, падлеткавы ўзрост — 10–19 гадоў), паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Гэта Мікіта Залатароў, Сяргей Гацкевіч, Эдуард Кудынюк, Максім Імхавік, Іван Пацяйчук, Дзяніс Хазей, Аляксандр Вінярскі, Павел Піскун, Алег Дабрыднёў, Арцём Вайцяховіч і Мікіта Бруй. Усе яны былі непаўнагадовымі на момант затрымання, а пасля прыгавораныя да пазбаўлення волі.

20 лістапада, нагадвае “Вясна”, адзначаецца Сусветны дзень дзіцяці, прымеркаваны да прыняцця Дэкларацыі і Канвенцыі правоў дзіцяці. “З пачатку пратэстаў у Беларусі тысячы дзяцей адчулі на сабе рэпрэсіі праз затрыманне і крымінальны пераслед бацькоў, а дзясяткі апынуліся за кратамі. А некаторых непаўнагадовых нават збівалі і катавалі”, — гаворыцца ў паведамленні.

Вышэйзгаданага Залатарова затрымалі 11 жніўня 2020 года, калі яму было 16 гадоў. У лютым 2021 года хлопца прыгаварылі да 5 гадоў у выхаваўчай калоніі у рамках крымінальнай справы аб “кактэйлях Молатава”. Пасля абвячшэння выраку ў Мікіты Залатарова пачалася істэрыка. Ён кідаўся на краты і крычаў: “Выпусціце мяне адсюль!”

Пазней на маладзёна завялі яшчэ адну крымінальную справу — за “гвалт альбо пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў”.

На пачатку жніўня 2022 года стала вядома, што рэжым утрымання палітвязня змянілі на строгі, яго перавялі ў жодзінскую турму № 8 (Мінская вобласць). Канчатковы тэрмін зняволення — 4,5 гады.

Залатароў, які хварэе на эпілепсію, неаднаразова скардзіўся бацьку на катаванні, у прыватнасці на ўжыванне электрашокера.

Цяпер у Беларусі 1.447 палітвязняў.

Падзяліцца: