Мінск 02:38

Сацсеткі каманды палітвязня Віктара Бабарыкі і платформы politzek.me прызнаныя “экстрэмісцкімі”

Фота: прэс-служба Бабарыкі

24 лістапада, Позірк. Суд Ленінскага раёна Гродна 21 лістапада прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт старонак у сацыяльных сетках, якія належаць камандзе палітвязня, экс-прэтэндэнта на пасаду прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Адпаведныя змены ўнесены ў спіс на сайце Міністэрства інфармацыі.

Гаворка пра змесціва старонак у “Фэйсбуку”, “Аднакласніках”, “УКантакце”, “Інстаграме”, “Твітары”, “ЦікТоку”, тэлеграм-канала і бота, ютуб-канала.

Акрамя таго, суд прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт сацсетак аргкамітэта па стварэнні партыі “Разам”, сфармаванага камандай Бабарыкі. Такі статус прысвоены змесціву старонак у “Аднакласніках”, “УКантакце”, “Твітары” і “Фэйсбуку”.

Гэты ж суд прызнаў “экстрэмісцкімі матэрыяламі” кантэнт сайта politzek.me і звязаных з ім старонак у “Фэйсбуку”, “Аднакласніках”, “УКантакце”, “Інстаграме”, “Твітары”, “ЦікТоку”.

У той дзень суд Крупскага раёна (Мінская вобласць) прыняў аналагічнае рашэнне па змесце акаўнтаў “Просто Jason” (457 падпісчыкаў) і “АНАТОЛЬ_ANATOLE” (2.077) у “ЦікТоку”.

6 ліпеня 2021 года Вярхоўны суд прыгаварыў Віктара Бабарыку да 14 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах узмоцненага рэжыму за “атрыманне хабару ў асабліва буйным памеры” (ч. 3 арт. 430 Крымінальнага кодэкса) і “легалізацыю сродкаў, атрыманых злачынным шляхам” (ч. 2 арт.235). Палітык віну не прызнаў.

Адпраўлены адбываць пакаранне ў папраўчай калоніі № 1 (Наваполацк, Віцебская вобласць).

У канцы красавіка з’явілася інфармацыя пра яго шпіталізацыю са слядамі збіцця. З таго часу дакладных звестак пра яго стан практычна няма. У ліпені адміністрацыя калоніі паведаміла сваякам палітыка, што ён знаходзіцца ў памяшканні камернага тыпу.

Politzek.me — платформа абароны правоў і інтарэсаў беларускіх палітвязняў, якая імкнецца прыцягнуць увагу да іх праблем.

Падзяліцца: