Мінск 17:51

На акцыі “Дзень герояў” у Варшаве ад праваабаронцаў запатрабавалі спыніць “заніжэнне колькасці палітвязняў”

Транспарант з патрабаваннем вызваліць галоўнага рэдактара незалежнай інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірыну Леўшыну, якая знаходзіцца за кратамі з 18 жніўня 2021 года і асуджана да чатыроў гадоў зняволення
Фота: Позірк

26 лістапада, Позірк. Спыніць “сістэмнае заніжэнне колькасці палітвязняў у Беларусі” запатрабавалі ўдзельнікі вулічнай акцыі “Дзень герояў”, якая адбылася 26 лістапада ў Варшаве да гадавіны пачатку Слуцкага збройнага чыну — антысавецкага паўстання 1920 года.

“У Беларусі, паводле інфармацыі незаконнага лукашэнкаўскага генеральнага пракурора, ўзбуджана 16 тыс. крымінальных справаў за так званы экстрэмізм. Гэтая жахлівая лічба падкрэслівае заніжанасць афіцыйна прызнанай колькасці палітвязняў у Беларусі — каля 1,5 тыс.”, — гаворыцца ў звароце да беларускіх і міжнародных праваабарончых арганізацый.

Прысутныя запатрабавалі “пазбавіцца сістэмных памылак пры вызначэнні статусу палітвязняў”, вызнання такімі ўсіх катэгорый зняволеных, у тым ліку тых, хто трапляе на “хатнюю хімію” (абмежаванне свабоды без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу).

Акрамя таго, аўтары заявы не лічаць правільным, што рашэнне наконт статусу палітвязня прымаюць сваякі асуджаных і затрыманых, паколькі “сем’і палітвязняў знаходзяцца пад ціскам спецслужб рэжыму”.

Удзельнікі “Дня герояў” прайшлі маршам па цэнтры Варшавы, на пляцоўцы каля помніка Каперніку адбыўся мітынг.

Як адзначыў адзін з арганізатараў акцыі Вячаслаў Сіўчык, на мітынгу ўпершыню прагучалі імёны 40 чалавек, якія загінулі ад дзеянняў улады. Сярод іх — былы міністр унутраных справаў Юрый Захаранка, палітык Генадзь Карпенка, удзельнік пратэстаў 2020 года Раман Бандарэнка, палітвязень Вітольд Ашурак, які памёр у шклоўскай калоніі пры невысветленых абставінах.

Акрамя таго, назвалі больш за 30 беларусаў, якія аддалі жыцці за Украіну, у тым ліку Міхаіла Жызнеўскага, забітага падчас пратэстаў 2014 года на Майдане Незалежнасці ў Кіеве, і беларускіх добраахвотнікаў. Імёны некаторых з іх не зачыталі — толькі дату смерці і падраздзяленне.

Завяршылася праграма канцэртам на Замкавай плошчы.

Слуцкі збройны чын — спроба ўзброенай абароны незалежнасці Беларусі ў раёне Слуцку ў лістападзе і снежні 1920 году. Прыкладна месяц беларускія вайсковыя аддзелы, сфармаваныя пераважна з мясцовых сялян, утрымлівалі ўладу Беларускай Народнай Рэспублікі ў 15 валасцях і супраціўляліся савецкім войскам.

Беларуская апазіцыя ў канцы лістапада праводзіла акцыі ў гонар Слуцкага збройнага чына. Таксама традыцыйна гадавіну адзначаюць прадстаўнікі беларускай дыяспары, якая актывізавалася на фоне масавай палітычнай эміграцыі з Беларусі з 2020 года.

Падзяліцца: