Мінск 04:54

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек

26 верасня, Позірк. Праваабаронцы 26 верасня прызналі палітвязнямі яшчэ 11 чалавек, цяпер іх у Беларусі 1.485, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Статус атрымала Анжэла Сікорская, асуджаная на 4 гады пазбаўлення волі паводле арт. 391 (абраза суддзі або народнага засядацеля), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 368 (абраза прэзідэнта), ч. 2 арт. 366 (гвалт альбо пагроза ў дачыненні да службовай асобы, якая выконвае службовыя абавязкі, ці іншай асобы, якая выконвае грамадскі абавязак) Крымінальнага кодэкса.

У спіс уключаныя Яўген Шышкоў і Ігар Шкіраў, прысуджаныя да 2 гадоў зняволення паводле арт. 368 КК, Руслан Глушонак, арыштаваны на 3 месяцы за “здзек з дзяржаўных сімвалаў” (арт. 370), Аляксандр Ніканаў і Сняжана Амосава, узятыя пад варту ў рамках абвінавачвання паводле арт. 367 (паклёп у дачыненні да прэзідэнта) і арт. 368 КК, Святлана Кароль, якой інкрымінаваная арт. 367 КК, Аляксандр Юшкевіч, абвінавачаны ў “перадачы звестак тэлеграм-каналу” (артыкул невядомы).

Таксама палітвязнямі прызнаныя Дзмітрый Сямак і Андрэй Матузаў, прысуджаныя паводле арт. 369 КК адпаведна да 3 месяцаў арышту і 1,5 года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ), і Ігар Папоў, накіраваны на прымусовае псіхіятрычнае лячэнне са строгім наглядам за “абразу прэзідэнта”, “абразу прадстаўніка ўлады”, а таксама “пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў” (арт. 364 КК).

Праваабаронцы зноў запатрабавалі ад уладаў неадкладна вызваліць усіх палітвязняў, перагледзець палітычна матываваныя прысуды і спыніць рэпрэсіі.Акрамя “Вясны”, адпаведную заяву падпісалі Lawtrend, Беларускі ПЭН, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі Хельсінкскі камітэт.

Падзяліцца: