Мінск 01:17

Прадстаўнік Дзярждэпа: Вызваленне палітвязняў — зыходны пункт дыскусіі аб развіцці адносін з Беларуссю

Крыстафер Сміт. Фота: стоп-кадр відэазапісу інтэрв'ю

7 снежня, Позірк. Вызваленне палітвязняў будзе зыходным пунктам далейшых дыскусій аб развіцці Злучанымі Штатамі адносін з Беларуссю. Аб гэтым заявіў намеснік памочніка дзяржсакратара ЗША Крыстафер Сміт у інтэрв’ю беларускім журналістам 7 снежня ў Вашынгтоне.

Паводле яго слоў, ЗША не атрымлівалі ніякіх сігналаў ад рэжыму Лукашэнкі аб гатоўнасці пачаць перамовы пра вызваленне палітвязняў. “Але мы заклікаем рэжым Лукашэнкі вызваліць усіх палітвязняў”, — падкрэсліў Сміт.

На пытанне, ці могуць у гэтым дапамагчы санкцыі, уведзеныя ЗША ў дачыненні да афіцыйнага Мінска, прадстаўнік Дзярждэпартамента адказаў: “Я мяркую, што гэтыя санкцыі накіраваныя на тое, каб прымусіць заплаціць суровую цану не толькі Лукашэнку, але і людзей побач з ім, якія падтрымліваюць ягоны рэжым у наступе на дэмакратыю і правы чалавека. І я веру, што санкцыі аказваюць эфект. І пакуль мы не ўбачым змены ў паводзінах Лукашэнкі, будзем толькі нарошчваць ціск на ягоны рэжым”.

Паводле слоў Сміта, ЗША працягнуць уводзіць санкцыі ў тым ліку дзеля таго, каб зачыняць “шчыліны і дзіркі”, якія рэжым знаходзіць для абыходу ўжо ўведзеных забарон. “Магу сказаць, што рэжым добра падладжваецца. І мы спрабуем выявіць і знішчыць такія магчымасці, — адзначыў суразмоўца. — Мы актыўна працуем не толькі ўнутры амерыканскіх ведамстваў, але таксама і з дэмакратычнымі сіламі, каб вызначыць, у якіх сферах мы можам нанесці Лукашэнку найбольшую шкоду ў адказ на рэпрэсіі і падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне”.

Прадстаўнік Дзярждэпартамента лічыць эфектыўнымі амерыканскія санкцыі супраць беларускіх уладаў: “Мне падаецца, мы бачым рэальны эфект гэтых санкцый. Пра гэта сведчаць не толькі выклікі, з якімі сутыкаецца рэжым Лукашэнкі ў выніку нашых санкцый, але і грамадская рэакцыя, якую мы назіраем з боку сваіх еўрапейскіх і іншых партнёраў, якія ідуць з намі поплеч і адзіныя з намі ў барацьбе з рэжымам Лукашэнкі”.

Адказваючы на пытанне, ці не разглядаюць ЗША магчымасць унясення ў санкцыйны спіс самалётаў, на якіх лятае Лукашэнка, Сміт адзначыў: “Я не буду зараз анансаваць ніякія новыя санкцыі. Але ў дадатак да тых санкцый, якія мы ўвялі пазаўчора (5 снежня. — “Позірк”.) і якія накіраваныя на “кашалькі Лукашэнкі”, тых людзей, якія забяспечваюць фінансаванне ягонага рэжыму, магу гарантаваць, што будуць новыя санкцыі. Асабліва ў сувязі з яго атакамі на дэмакратыю, правы чалавека і, канешне, падтрымку расійскага ўварвання ва Украіну”.

Гл. таксама па тэме:

Дзярждэпартамент ЗША: Да вызвалення палітвязняў змякчэння санкцый і паляпшэння адносін з Мінскам не будзе

Падзяліцца: