Мінск 00:35

Ціханоўская вылучана на прэмію Асацыяцыі па кантролі над узбраеннямі

Фота: armscontrol.org

13 снежня, Позірк. Святлана Ціханоўская намінаваная на штогадовую прэмію няўрадавай Асацыяцыі па кантролі над узбраеннямі.

На думку заснавальнікаў узнагароды, беларускі дэмакратычны лідар “устойліва апаніруе плану прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна па размяшчэнні ядзернай зброі ў Беларусі як небяспечнай эскалацыі ядзернага балансавання на мяжы вайны і парушэнні бяз’ядзернага статусу краіны”.

Сёлетнімі намінантамі з’яўляюцца таксама: Фуміё Кісіда (прэм’ер-міністр Японіі), Леанарда Бенчыні (амбасадар, пастаянны прадстаўнік Італіі на Канферэнцыі па раззбраенні), Крыстафер Нолан (рэжысёр і сцэнарыст біяграфічнага фільма “Опенгеймер”), місія МАГАТЭ па падтрымцы і дапамозе для маніторынгу бяспекі Запарожскай АЭС.

Галасаванне адбываецца з 8 снежня 2023-га па 11 студзеня 2024 года.

Прэмія прысуджаецца асобам або арганізацыям, якія за папярэднія 12 месяцаў прапанавалі “эфектыўныя рашэнні па кантролі над узбраеннямі, нераспаўсюджанні і раззбраенні і павысілі дасведчанасць аб пагрозах, што ствараюцца зброяй масавага паражэння”.

Раней лаўрэатамі станавіліся: супрацоўнікі ўкраінскага “Энергаатама”, якія працавалі на ЗАЭС (2022), міністр замежных спраў Мексікі Марсела Эбрард і ўрад гэтай краіны (2021), юрысконсульт камісіі ЗША па ацэнцы арганізацыі федэральнага ўрада па барацьбе з распаўсюджваннем зброі масавага знішчэння Боні Джэнкінс і арганізацыя “Каляровыя жанчыны, якія прасоўваюць мір, бяспеку і трансфармацыю канфліктаў” (WCAPS) (2020), прафесар Арэг Данагулян і яго калегі з Масачусецкага тэхналагічнага інстытута (2019), 4 тыс. ананімных супрацоўнікаў “Гугла” (2018), дэлегацыі па раззбраенні Аўстрыі, Бразіліі, Ірландыі, Мексікі, Новай Зеландыі і ПАР і амбасадар Коста-Рыкі Ілэйн Уайт Гомес (2017), урад Маршалавых Выспаў і яго былы кіраўнік МЗС Тоні дэ Брум (2016).

Узнагароду атрымлівалі таксама Сэцука Тарлоу і іншыя ахвяры атамных бамбардзіровак Хірасімы і Нагасакі (2015), амбасадар Аўстрыі па кантролі над узбраеннямі, нераспаўсюджванні і раззбраенні Аляксандр Кмент (2014), выканаўчы сакратар Арганізацыі Дагавора аб усёабдымнай забароне ядзерных іспытаў Ласіна Зерба (2013), амерыканскі генерал Джэймс Картрайт (2012), інспектар ААН, эксперт па гандлі зброяй Кэці Лін Осцін (2011), намеснік кіраўніка МЗС Казахстана Кайрат Умараў і Томас Д’Агасціна з Нацыянальнага ўпраўлення ядзернай бяспекі ЗША (2010), сенатар ад штата Індыяна Рычард Лугар (2009), кіраўнік МЗС Нарвегіі Ёнас Гар Сторэ і генеральны дырэктар яго міністэрства па палітыцы бяспекі Штэфен Конгстад (2008), Пітэр Вісклоскі і Дэвід Хобсан, кангрэсмены ад штатаў Індыяна і Агаё адпаведна (2007).

Падзяліцца: