Мінск 14:50

Еўрапарламент заклікаў да неадкладнага вызвалення Статкевіча і іншых беларускіх палітвязняў (дапоўнена)

Мікалай Статкевіч
Фота: тэлеграм-канал партыі "Народная Грамада"

14 снежня, Позірк. “Неадкладнага і безумоўнага вызвалення Мікалая Статкевіча і ўсіх 1.500 палітычных зняволеных” запатрабавалі дэпутаты Еўрапейскага парламента ў прынятай 14 снежня рэзалюцыі “Нявызначанасць адносна месцазнаходжання Мікалая Статкевіча і нядаўнія напады на членаў сем’яў беларускіх палітыкаў і актывістаў”.

Парламентарыі заклікалі зняць з палітвязняў усе абвінавачанні,”забяспечыць іх поўную рэабілітацыю і фінансавую кампенсацыю за шкоду, прычыненую ў выніку пазбаўлення волі”.

ЕП “настойвае на тым, каб зняволеныя атрымлівалі адпаведную медыцынскую дапамогу і мелі доступ да адвакатаў, сем’яў, дыпламатаў і міжнародных арганізацый, якія могуць ацаніць іх стан і надаць неабходную дапамогу”, а таксама “шкадуе з нагоды бяздзейнасці Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа ў Беларусі”.

У рэзалюцыі асуджаюцца “неабгрунтаваныя, палітычна матываваныя прысуды і рэпрэсіі супраць беларускіх дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасці, праваабаронцаў, прафсаюзных дзеячаў, журналістаў, духавенства, палітычных актывістаў і членаў іх сем’яў”.

ЕП “застаецца цвёрда салідарным з народам, дэмакратычнай апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю Беларусі ў іх барацьбе за свабодную, суверэнную і дэмакратычную Беларусь”.

Еўрадэпутаты заклікалі ЕС і яго дзяржавы-члены “падтрымліваць палітычных зняволеных і іх сем’і, пры любой магчымасці патрабаваць іх неадкладнага вызвалення, выклікаць пакінутых дыпламатычных прадстаўнікоў рэжыму і патрабаваць доказаў стану зняволеных і іх месцазнаходжання, выдаваць гуманітарныя візы і эфектыўна вырашаць праблему безграмадзянства, падаючы рэабілітацыю, практычную і фінансавую падтрымку, а таксама узмацняючы ціск на рэжым з дапамогай новых санкцый”.

Таксама Еўрапарламент заклікаў членаў ЕС “забяспечыць пастаяннае дакументаванне міжнародных злачынстваў і дамагацца прыцягнення вінаватых да адказнасці на ўзроўні ААН шляхам расследавання сітуацыі з правамі чалавека і захавання мандата спецыяльнага дакладчыка ААН па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.”

Еўрадэпутаты паўторна заклікалі да”судовага пераследу і пакарання ўсіх, хто нясе адказнасць за парушэнні правоў чалавека і ваенныя злачынствы, учыненыя рэжымам Лукашэнкі”.

У прэамбуле дакумента адзначаецца, што рэзалюцыя прымаецца з улікам пагаршэння здароўя Мікалая Статкевіча, адсутнасці інфармацыі аб ім і доступу адвакатаў і сям’і да яго на працягу больш за 300 дзён. Апазіцыйны палітык, лаўрэат прэміі Сахарава асуджаны на 14 гадоў пазбаўлення волі і ўтрымліваецца ў адзіночнай камеры калоніі строгага рэжыму.

Звяртаецца ўвага на “падобныя выпадкі ізаляцыі такіх вядомых беларускіх палітвязняў, як Алесь Бяляцкі, Марыя Калеснікава, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Павел Севярынец, Паліна Шарэнда-Панасюк, Анджэй Пачобут і Ігар Лосік”.

Таксама прэамбула змяшчае спасылку на справаздачу вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ад 3 лютага 2023 года, дзе адзначаны “жорсткія, нечалавечыя і зневажальныя ўмовы ўтрымання зняволеных, у тым ліку катаванні, непрадастаўленне ім неабходнай своечасовай медыцынскай дапамогі і юрыдычнай кансультацыі”.

Адзначаецца, што”праваабаронцы, прадстаўнікі дэмакратычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, сваякі актывістаў падвяргаюцца рэпрэсіям з боку рэжыму Лукашэнкі і вымушаныя пакінуць краіну”.

За прыняцце рэзалюцыі прагаласавала 489 еўрадэпутатаў пры 7 супраць і 42 тых, хто ўстрымаўся.

“Можна сказаць, што гэта была наша сумесная праца — дэмакратычных сіл і еўрапарламентарыяў. Ад Статкевіча і пра Статкевіча няма навінаў ужо больш за 300 дзён. А цяпер яшчэ пачалася новая хваля ператрусаў. Мы звязаліся з еўрапейскімі калегамі, і яны ў тэрміновым парадку выпрацавалі рэзалюцыю. Гэта важная сімвалічная падтрымка”, — заявіў “Позірку” галоўны дарадца беларускага дэмакратычнага лідара Франак Вячорка.

Папярэдняя рэзалюцыя Еўрапейскага парламента, прысвечаная сітуацыі ў Беларусі, была прынятая 13 верасня.

Падзяліцца: