Мінск 19:43

Першы блок БелАЭС уключаны ў сетку пасля планава-папераджальнага рамонту

БелАЭС Фота: прэс-служба Мінэнерга

16 снежня, Позірк. Першы блок Беларускай АЭС уключаны ў сетку пасля планава-папераджальнага рамонту, паведаміла 16 снежня прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

“У рамках праведзеных работ выканана перагрузка ў рэактар ядзернага паліва — у актыўную зону загружана 42 цеплавыдзяляльныя зборкі са свежым ядзерным палівам. Праведзена рэвізія абсталявання рэактарнай устаноўкі, турбагенератара, галоўных цыркуляцыйных помпаў і іншага абсталявання і тэхналагічных сістэм, выкананы кантроль металу і дыягностыка зварных злучэнняў абсталявання. Рэалізаваны мерапрыемствы, накіраваныя на павышэнне надзейнасці і эфектыўнасці працы энергаблока”, — гаворыцца ў рэлізе.

Аб завяршэнні рамонту дэпартамент па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляд) паведаміў напярэдадні.

Дазвол на пуск аб’екта пасля праведзеных маніпуляцый ведамства выдала 13 снежня. Такім чынам, другі планава-папераджальны рамонт, які пачаўся 6 кастрычніка, быў праведзены за 68 дзён (першы —198 дзён у 2022 годзе).

Збудаванне БелАЭС каля Астраўца (Гродзенская вобласць) завяршылася восенню 2023 года. Станцыя пабудавана па расійскім праекце, генеральным падрадчыкам выступіла дзяржаўная карпарацыя “Расатам”.

Першы энергаблок АЭС сілкуе энергасістэму Беларусі з 3 лістапада 2020 года, другі — з 13 траўня гэтага года. У прамысловую эксплуатацыю яны ўведзены ў чэрвені 2021-га і лістападзе 2023-га адпаведна.

Падзяліцца: