Мінск 16:12

Адвакаты Бяляцкага падалі петыцыю у працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях

Алесь Бяляцкі Фота: "Вясна"

21 снежня, Позірк. Міжнародная юрыдычная група лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру, палітзняволенага кіраўніка праваабарончага цэнтра “Вясна” Алеся Бяляцкага падала петыцыю ў працоўную групу ААН па адвольных затрыманнях (РГАЗ), паведаміў сайт ПЦ “Вясна”.

Згаданая група выносіць рашэнні ў справах аб адвольным затрыманні, якія ацэньваюць, ці адпавядае затрыманне чалавека міжнародна-праўным абавязанням дзяржавы.

Адзначаецца, што рашэнне аб змяшчэнні Бяляцкага пад варту на працяглы тэрмін прымаў пракурор, а не судздзя, што “яўна парушае міжнароднае права”. Падкрэсліваецца, што з самага пачатку абвінавачванні былі накіраваныя на ўмяшанне ў правы кіраўніка “Вясны” на свабоду слова і асацыяцый, пры гэтым падкантрольныя дзяржаве СМІ і Аляксандр Лукашэнка публічна прызнавалі яго вінаватым, “цалкам ігнаруючы прэзумпцыю невінаватасці”.

На думку юрыстаў, Бяляцкага пратрымалі “без якіх-небудзь юрыдычных падставаў” 17 месяцаў, перш чым ён паўстаў перад судом. Акрамя таго, адзначаецца ў рэлізе, судовы працэс “быў азмрочаны абуральнымі парушэннямі належнай праўнай працэдуры”.

Адзначаецца таксама, што “з моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны са сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным светам”.

Юрысты прызнаюць, што Бяляцкі і іншыя лідары “Вясны” былі зняволеныя “ў адплату за сваю праваабарончую дзейнасць”.

На думку аўтараў, “абуральныя парушэнні, дапушчаныя судом”, дастатковыя, каб прадэманстраваць, што Бяляцкі быў пазбаўлены права на незалежны і бесстаронні суд. Юрысты нагадваюць, што на момант суду судздзя Марына Запаснік ужо была пад санкцыямі Еўрапейскага саюза “за шматлікія палітычна матываваныя рашэнні супраць мірных пратэстоўцаў” і “за рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і дэмакратычнай апазыцыі”. Пры гэтым пракурор Аляксандар Кароль пазней трапіў пад санкцыі ЕС за “шматлікія палітычна матываваныя крымінальныя справы супраць беларускіх праваабаронцаў”.

3 сакавіка 2023 года ў межах палітычна матываванай справы Бяляцкі быў прыгавораны да 10 гадоў пазбаўлення волі.

У кастрычніку РГАЗ прыйшла да высновы, што беларускі журналіст Ігар Лосік быў арыштаваны і заключаны пад варту выключна з-за сваёй прафесійнай дзейнасці. Эксперты спецыяльнай працэдуры ААН канстатавалі, што ўлады Беларусі, арыштаваўшы яго, парушылі міжнароднае права ў галіне правоў чалавека.

.4 снежня 2021 года Ігара Лосіка — фігуранта “справы Ціханоўскага” — прыгаварылі да 15 гадоў пазбаўлення волі паводле арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці або варажнечы) і арт. 293 (масавыя беспарадкі) Крымінальнага кодэкса.

Як раней адзначалі ў каментары “Позірку” праваабаронцы “Вясны”, рашэнні РГАЗ “маюць рэкамендацыйную, а не абавязковую юрыдычную сілу”.


Падзяліцца: