Мінск 11:39

У стасунках Украіны і беларускіх дэмсіл ёсць поспехі, аднак наперадзе вялікі шлях — украінскі палітолаг Магда

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 31 снежня 2023 г.

28 снежня, Позірк. У беларуска-украінскіх стасунках у 2023 годзе былі пэўныя поспехі, аднак наперадзе вялікі шлях. Такое меркаванне ў каментары “Позірку” выказаў украінскі палітолаг Яўген Магда.

Суразмоўца адзначыў, што на афіцыйным узроўні ад беларуска-ўкраінскіх стасункаў “засталася толькі абалонка”. І хаця дыпламатычныя адносіны не разарваныя, гэта “не здольна істотна паўплываць на беларуска-ўкраінскія стасункі на афіцыйным узроўні”.

“Фактычныя стасункі варта разглядаць у трыкутніку “афіцыйны Кіеў — афіцыйны Мінск — беларускія дэмакратычныя сілы”, — мяркуе Магда.

Эксперт нагадаў, што ў 2023 годзе ва Украіне з’явіўся спецыяльны прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (Генадзь Манько). Дзякуючы мерапрыемствам, якія прайшлі ў краіне з удзелам беларускіх дэмсіл, “прыкметна інтэнсіфікаваўся экспертны дыялог”.

“Асобным радком можна адзначыць канферэнцыю “Шлях да волі” (арганізаваная палком Каліноўскага ў Кіеве 29—30 лістапада. — “Позірк”.). Фактычна полк Каліноўскага пачаў стратэгічны дыялог апанентаў Лукашэнкі са знешнімі актарамі. Таму ёсць пэўныя поспехі”, — заявіў палітолаг.

Магда падкрэсліў, што свядома ставіць поціск рукі Уладзіміра Зяленскага і Святланы Ціханоўскай (на ўручэнні прэзідэнту Украіны прэміі Карла Вялікага ў нямецкім Ахене 14 траўня. — “Позірк”.) “далёка не на першае месца”, паколькі гэта быў “элементарны жэст ветлівасці, а не жэст нейкага палітычнага збліжэння”.

“Палітычнага збліжэння не адбылося. Відавочна, што ў афіцыйнага Кіева няма дакладнай стратэгіі ў адносінах да беларускіх дэмакратычных сіл. Прыкра, але факт”, — сказаў суразмоўца. Пры гэтым, на яго думку, у Кіева няма і стратэгіі ў адносінах да палка Каліноўскага.

Эксперт указаў таксама на праблемы беларусаў, якія жывуць ва Украіне: “Быць беларусам ва Украіне сёння вельмі некамфортна — гэта праблемы і з выкарыстаннем банкаўскіх картак, і з відам на жыхарства”. У Беларусі, у сваю чаргу, могуць затрымаць за выяву герба Украіны ці выкананне песні на ўкраінскай мове.

Беларусі і Украіне, лічыць Магда, “трэба зрабіць тысячу крокаў насустрач адна адной”. “Мы ў 2023 годзе пэўную колькасць гэтых крокаў зрабілі, але якую менавіта — нам яшчэ трэба будзе вызначыць. Перад намі, без усялякіх сумненняў, яшчэ больш за палову гэтых крокаў, калі не дзве траціны”, — заявіў палітолаг.

Падзяліцца: