Мінск 09:58

За тыдзень у Беларусь прыбыло амаль 6 тыс. грамадзян Украіны — даныя Дзяржпагранкамітэта

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

14 сакавіка, Позірк. За тыдзень (з 6:00 7 сакавіка да 6:00 14 сакавіка) у Беларусь прыбыло 5.960 грамадзян Украіны, сведчыць праведзены Позіркам аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

Непасрэдна праз мяжу з Украінай — аніводнага, транзітам праз Польшчу — 4.824, Літву — 1.048, Латвію — 88.

Агулам з 24 лютага 2022 года (пачатак поўнамаштабнага ўварвання РФ) у Беларусь прыбыло 341.374 грамадзяніны Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 15.995, транзітам праз Польшчу — 252.718, Літву — 65.432, Латвію — 7.229.

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, за 2024 год у Беларусь уехаў 134.561 грамадзянін Украіны. У прыватнасці, як сцвярджалася, з тэрыторыі Украіны гэта зрабіла 68 чалавек, транзітам праз Польшчу — 107.154, Літву — 25.362, Латвію — 1.977. Паводле прыблізных разлікаў “Позірку”, у 2023 годзе ў Беларусь уехала больш за 71 тыс. грамадзян Украіны, такім чынам, за год іх колькасць вырасла прыкладна ў 1,9 раза.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” летась у лютым на той момант амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Дыпламат адзначаў, што ў адкрытых крыніцах звестак пра колькасць украінцаў, што выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыў ён.

Паводле даных ААН на 19 лютага 2025 года, па ўсім свеце налічвалася 6.906.500 украінскіх уцекачоў. З іх 6.346.300 было зарэгістравана ў Еўропе, 560.200 — па-за яе межамі.

Украінцы з акупаваных РФ тэрыторый масава трапляюць на радзіму праз пункт пропуску на мяжы з Беларуссю — СМІ

9 сакавіка, Позірк. Адзін з пунктаў пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы актыўна выкарыстоўваецца для накіравання на радзіму грамадзян Украіны з акупаваных Расіяй тэрыторый і анэксаванага Крыма, паведамляе партал suspilne.media. З'ява носіць масавы характар, у публікацыі гаворыцца, што такім чынам ва Украіну …
Падзяліцца: