Мінск 10:41

У “спіс экстрэмістаў” унесена яшчэ 13 чалавек (дапоўнена)

Былыя палітвязні Сняжана Цадава і Андрэй Марціновіч
Крыніца: сацыяльныя сеткі / spring96.org

29 снежня, Позірк. Міністэрства ўнутраных спраў 29 снежня ўнесла яшчэ 13 чалавек у пералік асоб, “датычных да экстрэмісцкай дзейнасці”, цяпер у ім 3.654 прозвішчы, сведчыць абноўлены дакумент на сайце МУС.

Сярод іх былыя палітвязні — 40-гадовая Сняжана Цадава і 32-гадовы Андрэй Марціновіч.

Цадава была затрыманая ў жніўні 2023 года паводле арт. 130 КК (распальванне <…> варожасці альбо варажнечы) за негатыўнае выказванне ў дачыненні да супрацоўнікаў Дзяржаўтаінспекцыі (яна апублікавала ў “ЦікТоку” відэазапіс канфлікту паміж яе дачкой і супрацоўнікам ДАІ). У выніку разбіральніцтва, якое пачалося напрыканцы лістапада, Гомельскі абласны суд прыгаварыў яе да 6 месяцаў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму і адразу ж вызваліў, бо быў залічаны тэрмін знаходжання пад вартай у следчым ізалятары.

Марціновіч 8 снежня прыгавораны да 3 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (ПУАТ) паводле арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або актыўны ўдзел у іх).

У спіс таксама ўнесены 26-гадовы жыхар Мінска Яўген Філіповіч, асуджаны на 2,5 гады ў ПУАТ. 6 снежня Гродзенскі абласны суд прызнаў яго вінаватым у “фінансаванні дзейнасці экстрэмісцкага фарміравання” у рамках старой рэдакцыі Крымінальнага кодэкса (арт. 3612; зараз гэта артыкул аб “фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці”).

Таксама ў “спіс экстрэмістаў” дададзены Юрый і Анастасія Макушык (абодва 1990 года нараджэння), якія, верагодна, з’яўляюцца мужам і жонкай. Яны асуджаныя паводле арт. 342 КК, судзімасць не пагашана, адзначае МУС.

Згодна з заканадаўствам, фінансавыя аперацыі асоб, уключаных у “спіс экстрэмістаў”, кантралююцца “з мэтай прадухілення легалізацыі даходаў, атрыманых злачынным шляхам, і фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці”.

Цягам пяці гадоў пасля выканання судовых рашэнняў людзі з гэтага пераліку не могуць займацца педагагічнай і выдавецкай дзейнасцю, быць на дзяржслужбе, карыстацца зброяй.

Падзяліцца: