Мінск 18:54

Беларусь засталася на міжнародным парадку дня, нягледзячы на войны ва Украіне і на Блізкім Усходзе — Кавалеўскі

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 2 студзеня 2024 г.

Фота: "Позірк"

30 снежня, Позірк. Беларусь засталася на міжнародным парадку дня, нягледзячы на вайну Расіі супраць Украіны і рэзкае абвастрэнне палесціна-ізраільскага канфлікту. Пра гэта заявіў “Позірку” прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па замежных справах Валер Кавалеўскі, падводзячы вынікі 2023 года.

“Адбыліся дзесяткі візітаў з удзелам Святланы Ціханоўскай і яе прадстаўнікоў, сотні сустрэч з кіраўніцтвам і ўпаўнаважанымі прадстаўнікамі дзяржаў — партнёраў дэмакратычнай Беларусі”, — адзначыў суразмоўца.

Паводле слоў Кавалеўскага, візіты і сустрэчы дазвалялі інфармаваць пра сітуацыю ў краіне, абмяркоўваць практычныя крокі па выкананні галоўных задач дэмакратычнага руху.

Сярод найбольш важных падзей на знешнім контуры Кавалеўскі назваў пачатак у снежні стратэгічнага дыялогу паміж беларускімі дэмакратычнымі сіламі і Злучанымі Штатамі Амерыкі.

“Інстытуцыяналізацыя адносінаў праз пачатак стратэгічнага дыялогу, працы Кансультатыўнай групы ЕС — дэмсілы/грамадзянская супольнасць, працяг працы Кантактнай групы Савета Еўропы па Беларусі, прызначэнне спецпасланнікаў па Беларусі, шматлікія рэзалюцыі нацыянальных парламентаў і Еўрапарламента дазваляюць трымаць у міжнародным фокусе беларускую праблематыку”, — адзначыў прадстаўнік АПК.

Кавалеўскі падкрэсліў, што вырашэнне такіх задач, як вызваленне палітычных вязняў, дзейсныя захады супраць паглынання Беларусі Расіяй, нарошчванне ціску на рэжым, задзейнічанне міжнародных механізмаў яго адказнасці за злачынствы патрабуюць большых супольных намаганняў з партнёрамі.

У дэмакратычных сіл “захоўваецца высокі ўзровень палітычных і экспертных кантактаў, гатоўнасць абмяркоўваць самыя актуальныя для дэмакратычнага руху тэмы”, сказаў суразмоўца.

Паводле яго слоў, інтэнсіўнасць міжнароднай працы АПК у 2024 годзе застанецца высокай.

“Прыярытэтам будзе супрацоўніцтва з нашымі традыцыйнымі партнёрамі: краінамі — суседзямі Беларусі, Еўрасаюзам, ЗША, Канадай, Вялікабрытаніяй. Вывучаюцца магчымасці наведвання іншых краін, у тым ліку тых, што адносяцца да Глабальнага Поўдня. Працягнецца ўдзел у прэстыжных міжнародных падзеях: Давоскім эканамічным форуме, Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы, Тыдні высокага ўзроўню Генасамблеі ААН”, — паведаміў Кавалеўскі.

Падзяліцца: