Мінск 22:04

Лябедзька: Для спецаперацыі пад назвай “выбары” не патрэбныя незалежныя назіральнікі

Фота мае ілюстрацыйны характар
Крыніца: БелаПАН

9 студзеня, Позірк. “Для спецаперацыі пад назвай “выбары” не патрэбныя незалежныя назіральнікі — ні міжнародныя, ні беларускія”, такім чынам дарадца Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і парламенцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька пракаментаваў на “Парламенцкім канале” адмову Беларусі запрасіць місію Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ) на выбары-2024.

На яго думку, незалежнае назіранне з’яўляецца “відавочным выклікам і пагрозай” для рэжыма Аляксандра Лукашэнкі, бо рэальная сітуацыя ў Беларусі “цягне на тамы відавочных парушэнняў міжнародных абавязацельстваў і стандартаў”.

“Таму ў Мінску вырашылі: няхай будзе яшчэ адным парушэннем больш, але гэта лепш, чым запускаць некантраляваных рэжымам экспертаў у краіну, — адзначыў Лябедзька. — Разам з тым такое рашэнне рэжыма аблягчае пошук фармулёвак для ацэнкі так званых “выбараў” у Беларусі ПА АБСЕ. Фідбэк абавязкова будзе, і, магчыма, ўжо на малой зімняй сэсіі асамблеі [22–23 лютага] у Вене”.

На брыфінгу 8 студзеня пастаянны прадстаўнік Беларусі пры АБСЕ Андрэй Дапкюнас паведаміў, што назіральнікі з боку Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) не будуць запрошаныя на выбары 25 лютага (адзіны дзень галасавання на выбарах у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы дэпутатаў).

У той жа дзень АБСЕ заявіла, што гэта “супярэчыць прынцыпу празрыстасці, які неабходны для правядзення сапраўды дэмакратычных выбараў”.

У заяве арганізацыі падкрэслена, што пасля прэзідэнцкай кампаніі 2020 года цяперашнія парламенцкія выбары стануць другім выпадкам, калі БДІПЧ не зможа назіраць за выбарчым працэсам у Беларусі праз адсутнасць своечасовага запрашэння ад нацыянальных уладаў.

“Усе дзяржавы АБСЕ неаднаразова прызнавалі каштоўнасць назірання БДІПЧ і эфектыўнасць яго ўсёабдымнай і аб’ектыўнай метадалогіі. Яны таксама абавязаліся запрашаць назіральнікаў з іншых дзяржаў — удзельніц АБСЕ і Парламенцкай асамблеі АБСЕ для назірання, а таксама аператыўна выконваць ацэнку і рэкамендацыі БДІПЧ па выбарах”, — заявіла арганізацыя.

Адзначаецца, што БДІПЧ усё адно працягвае сачыць за падзеямі, якія разгортваюцца ў Беларусі, у адпаведнасці са сваім мандатам.

Падзяліцца: