Мінск 02:00

Саліста гурта Nizkiz асудзілі другі раз запар

Скрыншот відэа Крыніца: YouTube

12 студзеня, Позірк. У Магілёве 10 студзеня другі раз запар асудзілі саліста гурта Nizkiz Аляксандра Ільіна, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Музыку інкрымінавалі арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць). Рашэнне суда невядома.

Пра затрыманне траіх удзельнікаў гурта стала вядома 6 студзеня. Акрамя Ільіна, былі затрыманыя бас-гітарыст Сяргей Кульша і бубнач Дзмітрый Халяўкін.

У судзе Ленінскага раёна Магілёва 8 студзеня над музыкамі адбыўся суд паводле арт.19.11 КаАП. Справу разглядала суддзя Вікторыя Палякова. Вынік пасяджэння невядомы.

У сюжэце, які выйшаў на беларускім тэлебачанні пасля затрымання ўдзельнікаў Nizkiz, сцвярджалася, што “музыкі пасля падзей 2020 года пакінулі Беларусь і вось вырашылі вярнуцца” (паводле інфармацыі праваабаронцаў, яны жылі ў краіне, перыядычна выязджаючы на гастролі). Пры гэтым што канкрэтна ставіцца ў віну затрыманым, не ўдакладнялася.

Прадэманстраваны ў эфіры відэазапіс сведчыць, што музыкі былі затрыманыя ў сваіх дамах узброенымі сілавікамі. Пры гэтым прадстаўнікі рэжыму паспрабавалі выставіць іх у непрывабным святле, акцэнтаваўшы ўвагу на хатнім знешнім выглядзе і непрыбраным жыллі.

Затрыманыя былі вымушаныя “раскайвацца” на камеру. На карысць прымусовага характару гэтай працэдуры кажа аднолькавасць і штучнасць фраз мужчын, запісаных асобна адзін ад аднаго.

Індзі-рок-гурт Nizkiz заснаваны ў 2008 годзе ў Магілёве. Да цяперашняга часу выпусціў пяць студыйных альбомаў. Уладальнік шэрагу музычных узнагарод, сярод іншага калектыў адзначаны прэміяй “Радыё АНТ” за 2012 год у намінацыі “Дэбют года”.

Падзяліцца: