Мінск 08:35

Не менш 26 польскіх СМІ паведамілі пра смерць беларускага палітвязня Вадзіма Храсько

Калаж: wydarzenia.interia.pl

14 студзеня, Позірк. Пра смерць у папраўчай калоніі №3 (пасёлак Віцьба Віцебскага раёна) 50-гадовага палітвязня Вадзіма Храсько паведамілі не менш за 26 польскіх СМІ, вынікае з праведзенага Позіркам аналізу публікацый медыя гэтай краіны.

Матэрыялы выйшлі як на вядучых навінавых парталах Польшчы, так і ў рэгіянальных і нішавых сродках масавай інфармацыі.

Пра смерць Храсько паведамілі Rzeczpospolita, onet.pl, polsatnews.pl, tvn24.pl, wnp.pl, i.pl, rmf24.pl, wiadomosci.wp.pl, польскае аддзяленне міжнароднага партала msn.com, glosznadniemna.pl, polskieradio24.pl, tygodnikprogram.com, dziennik.pl, wykop.pl, 7skynews.pl, zdrowie.co.pl, wojna.co.pl, radio.opole.pl, koziolek.pl, stefczyk.info, wydarzenia.interia.pl, gazetalubuska.pl, dziennikbaltycki.pl, eska.pl, polityka.co.pl, wb24.org.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна”, Храсько памёр у ноч на 9 студзеня ад пнеўманіі. Мужчыну даставілі з калоніі ў бальніцу тады, “калі яго ўжо нельга было выратаваць”. Паведамлялася, што палітвязень “вельмі хварэў у зняволенні”.

Храсько быў затрыманы 15 красавіка 2023 года паводле арт. 3612 КК (фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці), падставай для пераследу сталі “некалькі данатаў”. Да суда быў у сталічным следчым ізалятары № 1.

4 жніўня таго ж года Мінскі гарадскі суд (суддзя Сяргей Хрыпач) прыгаварыў мужчыну да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, хаця той “меў сур’ёзнае захворванне”. 13 кастрычніка Вярхоўны суд пакінуў вырак без змен. 3 лістапада Храсько быў унесены ў “спіс экстрэмістаў”. У віцебскай калоніі палітвязень прабыў каля двух месяцаў.

Храсько пахавалі 12 студзеня ў Мінску.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гэта ўжо чацвёртая смерць у зняволенні асуджанага з палітычных матываў. 21 траўня 2022 года ў шклоўскай калоніі № 17 (Магілёўская вобласць) загадкава памёр 50-гадовы актывіст і грамадскі дзеяч Вітольд Ашурак, 7 траўня 2023-га ў згаданай віцебскай калоніі — 61-гадовы блогер і актывіст з хворым сэрцам Мікалай Клімовіч, 11 ліпеня 2023-га — прывезены ў бальніцу з гродзенскай турмы № 1 57-гадовы мастак Алесь Пушкін, у якога дыягнаставалі прабадную язву.

Падзяліцца: