Мінск 22:08

“Вясна”: З 2020 года за данаты асудзілі не менш чым 60 чалавек на 185 гадоў пазбаўлення волі

Будынак КДБ у Мінску
Фота: "Вікіпедыя"

15 студзеня, Позірк. За ахвяраванні (данаты) ініцыятывам, прызнаным уладамі “экстрэмісцкімі” і “тэрарысцкімі”, з 2020 года асудзілі не менш чым 60 чалавек на 185 гадоў і тры месяцы пазбаўлення волі, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.

Па звестках праваабаронцаў, часцей за данаты людзей асуджаюць паводле арт. 3612 Крымінальнага кодэксу (фінансаванне экстрэмісцкага фармавання).

Вядома пра пераслед паводле арт. 2901 КК (фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці) за данаты ў вайсковыя аб’яднанні ва Украіне, напрыклад, палку Каліноўскага. Паводле гэтага артыкула асудзілі як мінімум двух чалавек : Мікалая Васілевіча (9,5 года пазбаўлення волі) і Дзмітрыя Слука (8,5).

Васілевіча абвінавацілі таксама ў “стварэнні экстрэмісцкага фарміравання” (арт. 3611 КК) і паводле арт. 3612. Прапагандысцкія СМІ распавялі, што агулам за два гады ён зрабіў не менш за 54 данаты ў фонды салідарнасці і іншыя ініцыятывы.

Адзначаецца, што беларусаў, данаціўшых у фонды, затрымліваюць або выклікаюць “на размову” у Камітэт дзяржбяспекі ці Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю. Некаторым прапануецца “адкупіцца”: зрабіць нібыта дабраахвотнае ахвяраванне ў памеры ў шмат разоў большым за суму даната. Як правіла, сродкі прапануюць перавесці на спецыяльны рахунак медычнай установы.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што такое ахвяраванне з’яўляецца непрацэсуальнай працэдурай і не з’яўляецца штрафам ці іншым відам пакарання. Пасля следчы можа выдаць пастанову аб спыненні крымінальнай справы.

“Улічваючы пануючае ў Беларусі беззаконне, нельга выключаць паўторнае ўзбуджэнне крымінальнай справы па тым жа эпізодзе. Калі сілавік патрабуе ў вас праз данат перавесці суму на нейкі дабрачынны рахунак, то выкананне гэтага патрабавання не гарантуе, што крымінальную справу не завядуць”, — адзначае “Вясна”.

У ноч на 9 студзеня ад пнеўманіі памёр 50-гадовы палітвязень Вадзім Храсько, асуджаны паводле арт. 3612 КК за некалькі данатаў.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, з віцебскай калоніі № 3 мужчыну даставілі ў бальніцу тады, “калі яго ўжо нельга было выратаваць”.

Храсько быў затрыманы 15 красавіка 2023 года. Да суда быў у сталічным следчым ізалятары № 1.

4 жніўня таго ж года Мінскі гарадскі суд (суддзя Сяргей Хрыпач) прыгаварыў мужчыну да 3 гадоў пазбаўлення волі ва ўмовах агульнага рэжыму, хаця той “меў сур’ёзнае захворванне”. Мужчыну пахавалі 12 студзеня ў Мінску.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гэта ўжо чацвёртая смерць у зняволенні асуджанага з палітычных матываў. 21 траўня 2022 года ў шклоўскай калоніі № 17 (Магілёўская вобласць) загадкава памёр 50-гадовы актывіст і грамадскі дзеяч Вітольд Ашурак, 7 траўня 2023-га ў згаданай віцебскай калоніі — 61-гадовы блогер і актывіст з хворым сэрцам Мікалай Клімовіч, 11 ліпеня 2023-га — прывезены ў бальніцу з гродзенскай турмы № 1 57-гадовы мастак Алесь Пушкін, у якога дыягнаставалі прабадную язву.

Падзяліцца: