Мінск 13:14

ISW: Прыкмет імкнення Расіі ці Беларусі да ядзернай эскалацыі не заўважана

Комплекс "Іскандэр", які можа быць аснашчаны ракетамі з ядзернай баявой часткай
Фота: сайт Росабаронэкспарту

17 студзеня, Позірк. Ніякіх прыкмет таго, што “Расія ці Беларусь імкнуцца да ядзернай эскалацыі, не заўважана”, гаворыцца ў аператыўнай справаздачы амерыканскага Інстытута вывучэння вайны (ISW).

Гэтую тэму эксперты закранулі ў сувязі з заявай міністра абароны Віктара Хрэніна 16 студзеня: “[У абноўленай Ваеннай дактрыне] дакладна вызначылі і даводзім погляды Рэспублікі Беларусь на прымяненне размешчанай на нашай тэрыторыі тактычнай ядзернай зброі”.

ISW падкрэсліў, што “канкрэтныя дэталі” таго, як дактрына прымяняецца ў дачыненні да тактычнай ядзернай зброі (ТЯЗ), “незразумелыя”. Эксперты працягваюць лічыць, што “выкарыстанне ядзернай зброі Расіяй ці Беларуссю застаецца малаверагодным”.

У той жа час, на думку экспертаў, уключэнне пунктаў пра выкарыстанне ядзернай зброі ў дактрыну, верагодна, “адлюстроўвае [сам факт] размяшчэння РФ” свайго ТЯЗ на беларускай тэрыторыі ў 2023 годзе.

Праект дактрыны абмяркоўваўся на пасяджэнні Савета бяспекі Беларусі 16 студзеня ў Мінску. Па яго выніках Хрэнін заявіў, што дактрына падкрэслівае “міралюбівы характар” беларускага народа. Чыноўнік падкрэсліў, што “Рэспубліка Беларусь не разглядае ніводны народ як свайго ворага, нягледзячы на дзеянні іх урадаў”. “[У дакуменце] выразна называюцца крыніцы ваенных пагроз нашай краіне”, — тым не менш адзначыў міністр.

Перад пасяджэннем Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета 25 снежня ў Санкт-Пецярбургу Аляксандр Лукашэнка заявіў журналістам, што ТЯЗ даўно дастаўленая з РФ у Беларусь, “апошняя пастаўка” адбылася на пачатку кастрычніка. “Усё на сваіх месцах, у добрым стане”, — сцвярджае ён.

У сярэдзіне снежня МЗС РФ апублікавала дакумент, з якога вынікала, што рашэнне Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі размясціць у Беларусі расійскую тактычную ядзерную зброю стала “скаардынаваным адказам на эскалацыю пагроз з боку дзяржаў — членаў НАТО, якія працягваюць сцягваць істотныя баявыя сілы да заходніх межаў Саюзнай дзяржавы”.

“Прынцыповае значэнне ў плане захавання існых міжнародных нераспаўсюджвальных абмежаванняў мае той факт, што кантроль за выкарыстаннем ТЯЗ захоўваецца за Расіяй”, — гаварылася ў дакуменце.

Падзяліцца: