Мінск 21:47

У 2021–2022 гадах з Беларусі выехала больш як 200 тыс. грамадзян, заяўляе МУС

Крыніца: unsplash.com / Yousef Alfuhigi

18 студзеня, Позірк. За 2021–2022 гады з Беларусі з розных прычын выехала больш як 200 тыс. грамадзян, заявіў начальнік дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі МУС Аляксей Бягун 18 студзеня ў эфіры праграмы “Маркаў. Нічога асабістага” на тэлеканале АНТ.

“Вядома, шмат, бо гэта працаздольнае насельніцтва, — прызнаў ён. — З іншага боку, дзяржава для іх заўсёды адкрытая. Мы ніколі не рабілі перашкоды для вяртання ўласных грамадзян”.

“Мы кажам, калі ласка, калі вы дапусцілі крымінальнае злачынства, маецца адпаведная камісія. Яна для іх працуе — атрымлівае адпаведны зварот, каб грамадзянін мог разумець, ці можа ён вярнуцца на тэрыторыю краіны, ці будзе прыцягнуты да нейкай адміністрацыйнай ці крымінальнай адказнасці, ці не можа вярнуцца на тэрыторыю краіны. Але ніхто не перашкаджае вяртацца гэтым грамадзянам. <…> Іх адмыслова палохаюць”, — заявіў міліцэйскі чыноўнік.

Вядоўца Марат Маркаў першапачаткова спрабаваў высветліць у Бегуна “рэальную лічбу тых, хто выехаў з краіны пасля 2020 года з палітычных матываў”, аднак прадстаўнік МУС фактычна адмовіўся размяжоўваць беларусаў паводле такога прынцыпу.

“Нельга казаць — палітычныя матывы, не палітычныя матывы. Калі адбывалася і адбываецца рэлакацыя айцішнікаў, гэта палітычныя матывы? Не. Гэта пытанні, звязаныя з санкцыямі, — сказаў ён. — Кампетэнтныя органы <…> дастаткова дакладна маюць звесткі пра тых асоб, што не занятыя ў эканоміцы. якія ў пэўны перыяд часу пакінулі тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, у тым ліку з членамі сям’і, якія праз пэўныя абставіны не знаходзяцца на тэрыторыі краіны. <…> І мы ведаем кожнага! Але казаць пра тое, што гэта быў выезд з палітычных матываў ці не з палітычных матываў, не заўсёды карэктна”.

Бягун некалькі разоў паўтарыў, што дзяржава не перашкаджае вяртанню грамадзян з-за мяжы. Разам з тым, з яго слоў вынікае, што леташні “консульскі ўказ”, які пакінуў беларусам магчымасць мяняць пашпарты толькі на радзіме, з’явіўся зусім не з-за жадання дзяржавы вярнуць дадому ўсіх, хто з’ехаў.

“Санкцыйная палітыка Еўрапейскага саюза не дазваляе дыпламатам аператыўна задавальняць спадзяванні нашых грамадзян наконт замены пашпартоў. Таму прынята рашэнне, што ўсе павінны атрымліваць у цяперашні час на тэрыторыі Беларусі пашпарты”, — сцвярджае міліцэйскі чыноўнік.

“Мы з задавальненнем афармляем іх, ніякіх перашкод няма. Грамадзянін прыехаў, у аператыўным парадку атрымаў біяметрычны пашпарт ці звычайны пашпарт і вярнуўся. <…> Ніякай бюракратыі, ніякай адказнасці, ніякіх страшылак, <…> калі ў яго няма абмежавання права на выезд, калі да яго няма ніякіх крымінальных прэтэнзій”, — дадаў ён.

Паводле даных праваабарончага цэнтру “Вясна”, у 2023 годзе пасля праверак на мяжы Беларусі з суседнімі краінамі з палітычных матываў было затрымана не менш як 207 чалавек, сярод якіх як беларусы, так і грамадзяне Літвы, Расіі, Украіны. Пераважная большасць была арыштаваная ці аштрафаваная па адміністрацыйных справах, аднак не менш за 18 затрыманых судзілі ў крымінальным парадку, 12 з іх былі пазбаўлены волі.

4 верасня Аляксандр Лукашэнка падпісаў указ № 278 “Аб парадку выдачы дакументаў і здзяйснення дзеянняў”, які сярод іншага пазбавіў замежныя ўстановы Беларусі магчымасці падаўжаць тэрмін дзеяння пашпарта беларускага грамадзяніна і выдаваць новыя дакументы.

Беларускія дэмакратычныя структуры, Еўрасаюз, ЗША, праваабарончыя арганізацыі раскрытыкавалі ўказ, скіраваны, на іх думку, на ўшчамленне правоў вымушаных эмігрантаў.

Падзяліцца: