Мінск 18:29

МЗС РФ: Разам з Расіяй Беларусь удзельнічае ў фармаванні новага светапарадку

Крыніца: амбасада РФ у Беларусі

22 студзеня, Позірк. “Разам з Расіяй Беларусь актыўна ўдзельнічае ў фармаванні новага справядлівага светапарадку, заснаванага на ўсеагульнай павазе міжнароднага права”, адзначаецца ў віншаванні расійскага знешнепалітычнага ведамства на адрас беларускіх калег з нагоды Дня дыпламатычнага работніка (22 студзеня).

Аляксандр Лукашэнка, віншуючы з прафесійным святам работнікаў і ветэранаў дыпламатычнай службы, выказаў упэўненасць, што “дыпламаты і ў далейшым будуць рабіць усё для ўмацавання аўтарытэту беларускай дзяржавы на міжнароднай арэне, развіцця гандлёвых і гуманітарных сувязей, выбудоўваючы адносіны з замежнымі партнёрамі на прынцыпах роўнасці і справядлівасці”.

Рыторыка аб фарміраванні “новага светапарадку” выкарыстоўваецца афіцыйнымі асобамі Беларусі і Расіі на фоне агрэсіўнай вайной супраць Украіны якую развязала Масква 24 лютага 2022 года і якую падтрымлівае афіцыйны Мінск.

Пасля падзей 2020 года няўхільна зніжаецца ўзровень дыпламатычнага ўзаемадзеяння Беларусі з краінамі Захаду, дыпламатычная прысутнасць Мінска ў еўрапейскіх сталіцах зведзена да мінімуму, у 2023 годзе была закрыта беларуская амбасада ў Славакіі. Адначасова павялічваецца колькасць консульскіх устаноў на тэрыторыі РФ, Мінск плануе адкрыць пасольства ў Саудаўскай Аравіі.

Паводле даных МЗС, на 1 сакавіка 2023 года сетка беларускіх загранустаноў налічвала 71 дыпмісію: 57 амбасад, два пастаянныя прадстаўніцтвы, 11 генеральных консульстваў і адно консульства. З улікам акрэдытацыі паслоў па сумяшчальніцтве Беларусь прадстаўлена ў 105 дзяржавах.

Дзень дыпламатычнага работніка ў Беларусі адзначаецца 22 студзеня. У гэты дзень у 1919 годзе з’явілася першае публічнае паведамленне ў газеце “Звязда” аб пачатку дзейнасці Камісарыята па замежных справах Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь, у штаце якога было 12 чалавек.

Падзяліцца: